2015-07-20 12:13:00

Мэры мегаполісаў падтрымалі ватыканскую ініцыятыву


Мэры мегаполісаў, якія ўваходзяць у Альянс вугляродна-нейтральных гарадоў, шмат чакаюць ад сустрэч у Ватыкане 21-22 ліпеня 2015 г. Папская акадэміі навук сумесна з ААН арганізуе тут канферэнцыю па ўстойлівым развіцці і абароне навакольнага асяроддзя і семінар на тэму барацьбы супраць сучаснага рабства. Форумы пройдуць з удзелам мэраў 60 найбуйнейшых гарадоў свету.

У спецыяльнай заяве прадстаўнікі Альянсу адзначылі важнасць тэматыкі ватыканскіх спатканняў, якая будзе ўключаць: забеспячэнне роўнага доступу да чыстага паветра і вады і ўстойлівую будучыню як асноватворнае права чалавека. Гэта стане магчымасцю абмеркаваць, як гарады, рэлігійныя і грамадскія лідэры могуць супрацоўнічаць для найбольш эфектыўнага вырашэння глабальнага забруджвання планеты. 

Чакаецца, што ў Ватыкане будзе падпісана сумесная заява з абавязацельствам істотна паменшыць забруджванне і палепшыць клопат аб бедных і іх экалагічным здароўі. Бо менавіта гэта катэгорыя найбольш уразлівая да шкоднага ўздзеяння забруджвання і змен клімату.
 
Члены Альянсу падкрэслілі, што гарады сёння маюць важнае значэнне для барацьбы са зменамі клімату, паколькі яны з’яўляюцца домам для больш чым паловы чалавецтва і нясуць адказнасць за выкід трох чвэрцяў парніковых газаў на планеце. Мэры назвалі папу Францішка “сусветным лідэрам у галіне змен клімату і няроўнасці даходаў”. А менавіта гэтыя дзе праблемы найбольш востра стаяць перад гарадамі ўсяго свету.
 
Спецыяльную заяву падпісалі кіраўнікі адміністрацый 12 мегаполісаў, якія ўваходзяць у Альянс вугляродна-нейтральных гарадоў: Боулдэра, Портланда, Мінеапаліса, Нью-Ёрка, Сан-Францыска, Сіэтла, Бостана, Ванкувера, Осла, Берліна, Лондана і Стакгольма.








All the contents on this site are copyrighted ©.