2015-07-24 13:15:00

У Ватыкане прапанавалі пагадненне гарадоў


Праект пагаднення гарадоў бяспечных для навакольнага асяроддзя з’яўляецца вынікам двухдзённага пасяджэння мэраў з усяго свету ў Ватыкане. Ён утрымліваецца ў дэкларацыі, выдадзенай пасля сімпозіума “Росквіт, людзі і планета – дасягненні ўстойлівага развіцця ў нашых гарадах”, які завяршыўся тут 22 ліпеня 2015 і быў арганізаваны Папскай акадэміяй навук. Афіцыйная прэзентацыя пагаднення пройдзе ў Нью-Ёрку 24 верасня 2015 г., напярэдадні візіту Папы ў штаб-кватэру ААН і прыняцця гэтай Арганізацыяй так званых Мэтаў у галіне ўстойлівага развіцця.

У Дэкларацыі ўтрымліваецца спасылка на сустрэчу мэраў са Святым Айцом і на яго заклік да барацьбы з сацыяльным адчужэннем і новымі формамі рабства. Паводле Францішка, узаемазалежнасць прымушае нас думаць аб адным свеце у рамках агульнага праекту. Сённяшнія асноўныя праблемы не могуць быць вырашаны праз дзеянні асобных краін і патрабуюць глабальнага пагаднення.

Пагадненне гарадоў, прапанаванае ў Ватыкане мэрамі з усяго свету, павінна быць адкрытым і добраахвотным. Дэкларацыя ўстанаўлівае шэраг кіруючых прынцыпаў. Яны звязаны з барацьбой з крайняй галечай і голадам, а таксама забеспячэннем роўнага і ўсеагульнага доступу да аховы здароўя і адукацыі. Рэкамендуецца таксама барацьба з карупцыяй і беспакаранасцю, якія з’яўляюцца пагрозай для ўстойлівага развіцця, умацаванне інавацыйнай ролі ўніверсітэтаў. Трэба гарантаваць усім годную працу і павагу да правоў чалавека, а таксама жыллё для бяздомных. У дэкларацыі, якая прапануе пагадненне гарадоў, таксама гучыць заклік пакласці канец гандлю людзьмі і ўсім формам сучаснага рабства.








All the contents on this site are copyrighted ©.