2015-07-25 11:52:00

Адышоў у вечнасць кардынал Уільям Баўм


23 ліпеня 2015 г. ва ўзросце 88 гадоў, пасля доўгай хваробы, адышоў у вечнасць амерыканскі кардынал Уільям Уэйкфілд Баўм, былы прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі і Вялікі пенітэнцыярый.

Пурпурат нарадзіўся 21 лістапада 1926 г. у Даласе. Пасля атрымання святарскага пасвячэння займаўся душпастырскай дзейнасцю ў роднай дыяцэзіі, а таксама працаваў у мясцовай курыі. Будучы гарачым прыхільнікам збліжэння паміж хрысціянамі, атрымаў запрашэнне прыняць удзел у ІІ Ватыканскім Саборы. З 1960-х гадоў быў старшынёй Камітэта па экуменізму пры Канферэнцыі Біскупаў ЗША, а затым адпаведнай Камісіі.

У 1970 г. атрымаў біскупскую сакру, а праз тры гады стаў арцыбіскупам Вашынгтонскім. У 1980 г. быў прызначаны на пасаду прэфекта Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, а ў 1990 г. – Вялікага пенітэнцыярыя, якую займаў да 22 лістапада 2001 г. У сваёй спачувальнай тэлеграме папа Францішак з удзячнасцю адзначыў служэнне памерлага іерарха і запэўніў у малітве аб вечным супакоі для яго.

Пасля смерці кардынала Баўма, Калегія кардыналаў складаецца з 220 пурпуратаў, з якіх 120 могуць удзельнічаць у выбарах Пантыфіка.








All the contents on this site are copyrighted ©.