2015-07-27 11:55:00

Падчас адпачынку Папа рыхтуецца да наступнага падарожжа


Падчас перыяду летняга адпачынку Святы Айцец прысвячае шмат часу камунікацыі са сваімі сябрамі, а таксама рыхтуецца да маючага адбыцца ў верасні 2015 г. Апостальскага падарожжа на Кубу і ў ЗША, распавёў Ватыканскаму радыё кс. Гільерма Карчэр, папскі цэрымонімайстар. “Ён праводзіць гэтыя дні ў вялікім спакоі і радасці. Я заўсёды бачу яго задаволеным, кожнай раніцы”, - падзяліўся аргентынскі святар і даўні сябар Пантыфіка. Ён адзначыў, што часта сустракае Папу з паперамі ў руках – дакументамі і карыспандэнцыяй. Францішак выкарыстоўвае перыяд адпачынку для перапіскі з блізкімі людзьмі і вывучэння праектаў, якія яму прапануюцца. 

Кс. Карчэр адзначыў, што Святому Айцу не хапае прысутнасці сярод людзей. У Аргентыне, у летнія дні, ён часта наведваў трушчобы Буэнас-Айрэса, падзяляючы з людзьмі цяжкасці самага спякотнога перыяду года.

Свае канікулы, як і ў папярэднія гады пантыфікату, папа Францішак праводзіць у Ватыкане. На працягу ліпеня не было традыцыйных агульных аўдыенцый. Яны пачнуцца толькі ў жніўні. Папа таксама не прымае ўдзел у публічных мерапрыемствах. Выключэннем з’яўляюцца толькі сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, падчас якіх Пантыфік звяртаецца да пілігрымаў сабраных на плошчы св. Пятра з вакна ватыканскага Апостальскага палацу.








All the contents on this site are copyrighted ©.