2015-07-28 14:47:00

Францішак заклікаў моладзь не баяцца сужэнства


 

“Дарагая моладзь, не бойцеся сужэнства. Хрыстус суправаджае сваёй ласкай сужонкаў, якія застаюцца ў лучнасці з Ім”, - такое паведамленне з’явілася 28 ліпеня 2015 г. на папскім акаўнце ў “Твітэры”. Гэтыя словы Святога Айца – невыпадковыя, бо сёння вялікая колькасць моладзі мае страх перад сужэнствам, лічыць арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай рады па справах сям’і.

Каментуючы “твіт” Пантыфіка, ватыканскі іерарх заўважыў, што моладзь не стала горшай за тую, што была раней. На яго думку, сёння пануе культура, якая выклікае страх перад рашучымі крокамі ў жыцці. Перад яе абліччам папа Францішак паўтарае: “Не бойцеся!”. Гэтыя словы 365 разоў сустракаюцца ў Бібліі – і нібыта прызначаны на кожны дзень года, падкрэсліў іерарх. Ён перакананы, што, калі “не бойцеся!” будзе пастаянна гучаць у сэрцах моладзі, і яна будзе захоўваць лучнасць з Езусам, непарыўнае сужэнства зможа даць стабільнасць, якой перашкаджае занадта “ліквіднае” актуальнае грамадства.

На думку старшыні Папскай рады па справах сям’і, сёння Касцёл пакліканы прапанаваць чалавецтву сужэнства ў якасці выбару не проста дзеля самаго выбару, але ў якасці спосабу для перамены свету. “Сужэнства і сям’я – гэта не выбар, абмежаваны ўласнымі эмоцыямі – гэта выбар на карысць грамадства, свету!”, - падкрэсліў ватыканскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.