2015-07-28 14:37:00

Куба рыхтуецца прыняць Святога Айца


 

Ужо менш чым праз два месяцы Святы Айцец наведае кубінскую дыяцэзію Ольгін. Падчас свайго чатырохдзённага падарожжа на Кубу, 21 верасня 2015 г. Папа ўзначаліць у гэтым горадзе св. Імшу. Мясцовая каталіцкая супольнасць ужо рыхтуецца да яго прыезду.

Дыяцэзіяльная прэс-служба арганізавала сустрэчу з святарамі і іншымі асобамі, якія ўдзельнічаюць у душпастырстве, каб падрабязна паінфармаваць аб праграме візіту Папы. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовых СМІ. 

Пастыр дыяцэзіі, біскуп Эміліа Арангурэн Эчэвэрыя падкрэсліў з гэтай нагоды, што Францішак прыязджае на Карыбскі востраў не толькі ў якасці кіраўніка Дзяржавы Ватыкан, але і пастыра ўсяго Каталіцкага Касцёла, каб падтрымаць сваіх братоў у веры. Іерарх нагадаў, што менавіта ў бухце Барыэй побач з Ольгін сышоў на бераг у 1492 г., падчас свайго першага падарожжа ў Амерыку, Хрыстафор Калумб. Тады на Кубу прыйшла культура Старога Свету.

Абмяркоўваючы праграму візіту Пантыфіка, біскуп паведаміў, што пасля св. Імшы Францішак адправіцца ў катэдру, каб паглядзець на выкананую з бронзы статую св. Яна Паўла II – першага Біскупа Рыма, які наведаў краіну. У рамках падрыхтоўкі ў катэдральным касцёле адбыліся рэстаўрацыйныя працы. Ужо адабраны асобы, якія ўвойдуць у склад хору, што будзе спяваць падчас папскай літургіі. Лагатып візіту Святога Айца змяшчае мора, горад і горы. На ім бачны дэвіз: “Місіянер міласэрнасці”. 

Падарожжа Францішка будзе таксама ўключаць сталіцу краіны Гавану, Сант’яга-дэ-Куба і марыйны санктуарый у Кобрэ, які наведалі і два яго папярэднікі, Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI. У сваю чаргу, у Ольгін ніводзін Папа да гэтага часу не быў.








All the contents on this site are copyrighted ©.