2015-07-30 11:48:00

Бэнэдыкт XVI ушанаваў былога пробашча ватыканскай парафіі


Незвычайная падзея адбылася з былым пробашчам ватыканскай парафіі св. Ганны, айцом Джаэле Ск’явэлам. Ён адзначыў 70-годдзе свайго святарскага пасвячэння разам з Бэнэдыктам XVI. З нагоды юбілею святарства, Папа на пенсіі запрасіў яго супольна цэлебраваць Эўхарыстыю ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі, былога кляштару “Mater Ecclesiae”.

Айцец Ск’явела, якому хутка споўніцца 93 гады, быў моцна ўражаны такім падарункам. Разам з ім св. Імшу цэлебравалі яшчэ тры святары з ордэну аўгустыніянаў, якія зараз апякуюцца ватыканскай парафіяй, у тым ліку яе пробашч – айцец Бруна Сільвестрыні. Бэнэдыкт XVI падарыў юбіляру кошык з садавінай, а таксама адзін з тамоў поўнага выдання сваіх твораў, які носіць назву: “Прапаведнікі Слова і слугі радасці”.

Айцец Джаэле Ск’явела быў пробашчам ватыканскай парафіі з 1991 г. па 2006 г. Святарскае пасвячэнне ён атрымаў 15 ліпеня 1945 г. 








All the contents on this site are copyrighted ©.