2015-07-30 11:39:00

Святы Пасад падтрымаў дамову аб адмене мытных збораў


Апостальская Сталіца падтрымала пагадненне аб адмене мытных збораў з больш чым 200 тэхналагічных прадуктаў, падпісанае большасцю краін-членаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Паводле экспертаў, гэта рашэнне абумовіць зніжэнне коштаў, стварэнне новых працоўных месцаў і дасць новы імпульс эканоміцы на глабальным узроўні. 

“Гэта крок наперад, бо дапаможа самым бедным краінам эфектыўна прысутнічаць на сусветным рынку”, - адзначыў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе, арцыбіскуп Сільвана Тамазі, у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. На пытанне аб тым, ці будуць багатыя краіны спрыяць увядзенню падпісанага пагаднення ў сілу, дыпламат адказаў , што ратыфікацыя можа зацягнуцца на гады.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў, што рынкавая эканоміка мае патрэбу ў правілах і абмежаваннях, каб не было злоўжыванняў, які наносяць шкоду цэлым катэгорыям людзей і дзяржаў. “Эканоміка павінна быць на службе асобе, а не асоба на службе эканоміцы. Напрыклад, фінансавы рынак не можа быць проста спекулятыўным, такім, ад якога пакутуе рэальная эканоміка. Таксама і фінансавы рынак павінен знаходзіцца на службе рэальнай эканоміцы”, - сказаў арцыбіскуп. Паводле яго, існуюць дзяржавы і катэгорыі людзей, якія дзеля сваіх мэтаў імкнуцца заблакаваць змены ў сітуацыі.

Ватыканскі дыпламат заўважыў, што пазіцыя Касцёла не з’яўляецца “антыкапіталістычнай”. “Рынкавая эканоміка прынесла добрыя вынікі, аднак, трэба сказаць, што рынкавай эканоміцы самой па сабе не дастаткова: таксама і дзяржава павінна граць ролю ў гэтай эканоміцы, устанаўліваючы правілы з мэтай стварэння найбольш эфектыўнай сацыяльнай раўнавагі”, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.