2015-07-31 13:18:00

Папскія адпусты для “ігнацыянскіх” пілігрымаў


Папа Францішак абвясціў поўны адпуст для пілігрымаў, якія накіруюцца ў санктуарыі ў Лаёле і Манрэсе ў Іспаніі у рамках святкавання першага юбілейнага году “Ігнацыянскага шляху”. Два адпаведныя дэкрэты былі выдадзены Апостальскай пенітэнцыярыяй. 

На парозе Юбілейнага Году Божай Міласэрнасці папа Францішак, абвяшчэннем поўнага адпусту, заклікае ўсіх прайсці шляхам св. Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка Таварыства Езуса (Ордэна езуітаў), каб сустрэць Міласэрнага Езуса. Адпаведны маршрут быў інаўгураваны ў 2012 г. і складае каля 700 км. Ён пралягае праз Краіну Баскаў, Навару, Рыёху, Арагон і Каталонію – мясціны ў Іспаніі, звязаныя з жыццём і духоўнасцю заснавальніка езуітаў. 

Юбілейны год пачаўся 31 ліпеня 2015 г., у літургічны ўспамін св. Ігнацыя Лаёлы. Для атрымання поўнага адпусту вернікі павінны прабываць ва ўмовах, вызначаных Кананічным правам Касцёла, прыняць удзел у Эўхарыстыі ў адным з ігнацыянскіх санктуарыяў і памаліцца за вернасць Іспаніі хрысціянскай веры, святарскія і законныя пакліканні, а таксама ў інтэнцыі абароны інстытута сям’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.