2015-07-31 10:54:00

Папу адзначылі праваабарончай прэміяй


 

Святы Айцец адзначаны прэміяй “Абаліцыяніст году” за ўклад у паўсюдную адмену смяротнага пакарання. Узнагода штогадова прысуджаецца італьянскай праваабарончай асацыяцыяй пад назвай “Не кранаць Каіна” (Nessuno tocchi Caino), дзейнасць якой носіць міжнародны характар. Папа Францішак, “пантыфікат якога пачаўся з адмены пажыццёвага пакарання і прызнання катаванняў злачынствам у заканадаўстве Дзяржавы Ватыкан, моцна і ясна выказаўся не толькі супраць смяротнага пакарання, але і супраць смерці для пакарання і пакарання аж да смерці”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні арганізацыі.

31 ліпеня 2015 г. у Рыме, у прысутнасці высокіх італьянскіх дзяржаўных дзеячаў, адбылася прэзентацыя справаздачы за 2015 г. аб сітуацыі са смяротным пакараннем у свеце. З яе вынікае, што краінамі-лідэрамі па колькасці смяротных пакаранняў у 2014 г. былі: Кітай, Ірак і Саўдаўская Аравія. У сваю чаргу, па колькасці казняў у першай палове 2015 г. Саўдаўскую Аравію апярэдзіў Пакістан.

Асацыяцыя “Не кранаць Каіна” была заснавана ў 1993 г. Яе назва натхнёная словамі з кнігі Быцця: “Калі нехта заб’е Каіна, таму адпомшчана будзе ўсямёра” (4,15) і азначае, што справядлівасць не павінна пераўтварацца ў помсту. 








All the contents on this site are copyrighted ©.