2015-08-01 11:31:00

Святы Пасад і Карыбская супольнасць устанавілі адносіны


З 30 ліпеня 2015 г. Апостальская Сталіца і Карыбская супольнасць (CARICOM) устанавілі дыпламатычныя адносіны. Генеральны сакратар арганізацыі Ірвін ЛаРок прыняў у сталіцы Гаяны Джорджтаўне даверчыя граматы ад Апостальскага нунцыя на Антыльскіх астравах, арцыбіскупа Нікола Джыразола. Цяпер гэты ватыканскі дыпламат, акрэдытаваны ў 12 малых астраўных дзяржавах рэгіёну, будзе прадстаўляць Папу і Святы Пасад таксама і ў міжурадавай арганізацыі.

Уручаючы граматы, арцыбіскуп Джыразолі сказаў пра “новую главу” у адносінах паміж Апостальскай Сталіцай і краінамі Антыльскіх астравоў і Карыбскага басейна. Ён падкрэсліў, што гэтыя дакументы “выказвюць жаданне супрацоўніцтва Святога Пасаду з Карыбскай супольнасцю ў надзеі, што яна стане таксама ініцыятывай на карысць росквіту і міру ў рэгіёне”.

Са свайго боку, Ірвін ЛаРок вельмі цёпла выказаўся пра навучанне і працу Пантыфіка і ўзгадаў асабліва яго апошнюю энцыкліку “Laudato si”. Ён падзякаваў таксама за служэнне мясцовых Касцёлаў маладым пакаленням, згадаў пра праблему міграцыі ў рэгіёне і пра напружанасць паміж Гаіці (якая ўваходзіць у Карыбскую супольнасць) і Дамініканскай Рэспублікай.

Карыбская супольнасць была створана на падставе Чагуарамасскай дамовы ад 4 ліпеня 1973 г. У цяперашні час, гэта арганізацыя аб’ядноўвае 15 неіспанамоўных дзяржаў-членаў і 5 асацыіраваных членаў, якімі з’яўляюцца несамастойныя тэрыторыі. Агульная колькасць жыхароў ўсіх гэтых рэгіёнаў дасягае 12 млн. Штаб-кватэра Супольнасці знаходзіцца ў сталіцы Гаяны Джорджтаўне, а яе Генеральным сакратаром з’яўляецца 60-гадовы Ірвін ЛаРок, ураджэнец Дамінікі. Амаль ва ўсіх краінах рэгіёну, за выключэннем французскамоўнай Гаіці, гавораць па-ангельску. Гаіці таксама з’яўляецца адзінай дзяржавай-членам, дзе пераважаюць католікі, у іншых – большасць вернікаў належаць да розных пратэстанцкіх напрамкаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.