2015-08-02 11:59:00

Папа ўводзіць дадатковыя агульныя аўдыенцыі


У сувязі з маючым адбыцца Юбілеем Міласэрнасці раз у месяц будуць праходзіць дадатковыя агульныя аўдыенцыі з удзелам Святога Айца. Яны будуць мець месца па суботах і кожны раз будуць прысвечаны тэме Святога Года. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё прэфект Папскага дома, арцыбіскуп Георг Генсвайн. Ён таксама паведаміў, як правёў свой летні адпачынак у Кастэль Гандольфа Бэнэдыкт XVI. Іерарх з’яўляецца асабістым сакратаром Папы на пенсіі.

Першая пасля летняга перапынку агульная аўдыенцыя адбудзецца ў сераду 5 жніўня 2015 г. Днём раней, аднак, Францішак сустрэнецца на плошчы св. Пятра з міністрантамі, а ў пятніцу 7 жніўня – з італьянскім Эўхарыстычным моладзевым рухам. 26 жніўня пройдзе 100-я агульная аўдыенцыя гэтага пантыфікату. Прэфект Папскага дома таксама паведаміў, што пасля выбару Францішка ў сустрэчах з ім падчас серадовых аўдыенцый, нядзельных сустрэч на малітве “Анёл Панскі” і ў іншых адмысловых спатканнях прынялі ўдзел каля 15 млн. чалавек.

Арцыбіскуп Генсвайн адзначыў, што сустрэчы са Святым Айцом для іх удзельнікаў заўсёды звязаны з вялікім духоўным досведам, гэта “нешта вельмі жаданае”. Вернікі чуюць і бачаць Папу, “гэта прамы кантакт для многіх, магчыма, адзіны ў жыцці, і гэта робіць на іх уражанне на ўсё жыццё”, - сказаў прэфект Папскай дома. Ён дадаў, што важныя не толькі словы Пантыфіка, але і атмасфера, і нават яго позірк. “Гэта таксама сустрэча пачуццяў, што для Францішка вельмі важна, і не толькі для яго, але і для нашых вернікаў і нашых пілігрымаў”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Генсвайн паведаміў, што першая “дадатковая” суботняя агульная аўдыенцыя пройдзе 30 студзеня 2016 г. Ён дадаў, што пакуль не ведае, як дакладна будзе выглядаць яе план, улічваючы яе асаблівы характар, звязаны з юбілейным годам.

Іерарх таксама адзначыў, што ў цэлым можна бачыць і адчуваць, як добра пачуваецца Францішак падчас гэтых серадовых сустрэч з пілігрымамі. “Святы Айцец часта кажа пра культуру сустрэчы і бачна, што жыве тым, аб чым кажа. Ён лёгка навязвае кантакт падчас спатканняў з вернікамі, дазваляе дакранацца да сябе, можа паказаць эмоцыі. Перш за ўсё, можна ўбачыць, як ён ставіцца да хворых, людзей з праблемамі. Ён заўсёды дае сябе, але і атрымлівае. Гэта вялікі дар Францішка”, - сказаў арцыбіскуп Генсвайн. 

Коратка параўноўваючы цяперашні пантыфікат з папярэднім, іерарх выказаў упэўненасць у тым, што Францішак “кранае сэрца і таму тут больш удзельнічае вока”, падчас Бэнэдыкта XVI “больш актыўным было вуха”.

Арцыбіскуп сказаў некалькі слоў пра летні адпачынак Бэнэдыкта XVI. Ён нагадаў, што Францішак “шчыра прасіў яго правесці больш працяглы перыяд у Кастэль Гандольфа”. Бэнэдыкт XVI у рэшце рэшт пагадзіўся, і на працягу двух тыдняў прабываў у папскай летняй рэзідэнцыі, дзе ён заўсёды адчуваў сябе вельмі добра, і цяпер таксама, запэўніў яго шматгадовы асабісты сакратар. Потым Папа на пенсіі зноў вярнуўся ў кляштар “Mater Ecclesiae” у Ватыкане, дзе праводзіць час так, як гэта заўсёды было: моліцца, медытуе, чытае. Неўзабаве прыедзе яго брат, сказаў арцыбіскуп. Ён з усмешкай дадаў, што, хоць у Рыме і горача, але кляшторныя “кандыцыянеры, дзякуй Богу, працуюць вельмі добра”.








All the contents on this site are copyrighted ©.