2015-08-03 13:04:00

Афрыка рыхтуецца да сустрэчы са Святым Айцом


Ідзе падрыхтоўка да першага падарожжа папы Францішка ў Афрыку. На мінулым тыдні ватыканская дэлегацыя знаходзілася ў Бангі – сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, якая стане адной з трох краін Чорнага кантынента, і якую Святы Айцец наведае 27-29 лістапада 2015 г. Дзвума наступнымі будуць Уганда і Кенія.

“Для нас гэта пілігрымка з’яўляецца сапраўдным благаслаўленнем”, - сказаў арцыбіскуп Бангі Дзьеданэ Нзапалаінга. Ён падкрэсліў, што яго суайчыннікі чакаюць, што Папа прынясе ў гэтую краіну, якая зараз з цяжкасцю выходзіць з грамадзянскай вайны, патрэбныя дары спакою і прымірэння.

Францішак наведае, у прыватнасці, адзін з лагераў для бежанцаў і сустрэнецца з маладымі людзьмі.

Арцыбіскуп адзначыў, што ў падрыхтоўцы да візіту ўдзельнічаюць не толькі католікі, але і пратэстанты, і мусульмане, якія таксама сустрэнуцца з Францішкам. Ён выказаў надзею, што на спатканні са Святым Айцом будзе прысутнічаць новы, дэмакратычна абраны Прэзідэнт краіны. Выбары пройдуць як раз перад прыездам Папы, 29-30 лістапада.

Чакаецца, што ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку прыбудуць прадстаўнікі суседніх краін, пацярпелых ад унутраных канфліктаў і барацьбы з ісламскім тэрарызмам, такіх як Чад, Камерун, Паўднёвы Судан і Дэмакратычная Рэспубліка Конга. 








All the contents on this site are copyrighted ©.