2015-08-06 11:17:00

Біскуп Сіповіч – іерарх, які жыў і працаваў для Беларусі


Грэка-католікі Беларусі ў гэтыя дні ўзгадваюць знакавую падзею не толькі для сваёй супольнасці, але і ўсяго Каталіцкага Касцёла краіны – 55-годдзе сакры біскупа Чэслава Сіповіча, асобы сапраўды легендарнай, які стаў першым каталіцкім іерархам для беларусаў яшчэ падчас панавання камуністычнага рэжыму. 

З просьбай прызначыць біскупа для беларусаў звярнуліся на пачатку 1960 г. да папы Яна XXIII беларускія каталіцкія святары – заходняга і ўсходняга абрадаў, якія працавалі ў той час па-за межамі краіны, нагадаў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек. А пасля сакры біскуп Чэслаў Сіповіч адразу ж уключыўся ў важную працу – падрыхтоўку да ІІ Ватыканскага Сабору. Гэту, пакуль недасканала вывучаную старонку яго дзейнасці, беларусам яшчэ трэба асэнсаваць, лічыць архімандрыт. “На самым пачатку ён удзельнічаў у працы камісіі, якая займалася як раз справамі Усходне-каталіцкіх Цэркваў і практычна да пачатку Сабора працаваў у гэтай камісіі. Гэта была платформа, дзе абмяркоўваўся і кананічна, і юрыдычна новы статус Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, а таксама і адносіны з Праваслаўнымі Цэрквамі – адны і другія жылі тады пад ігам камунізма. Біскуп Сіповіч тады сустракаўся і з прадстаўнікамі Маскоўскага Патрыярхата, дэлегацыю якога ўзначальваў айцец Віталь Баравы, беларус. Яны сустракаліся некалькі разоў тут, у Рыме. Біскуп Чэслаў вельмі актыўна працаваў і падчас падрыхтоўкі да Сабору, і падчас самога Сабору, але ўжо ў камісіі па справах законнікаў”, - расказаў частку гісторыі архімандрыт Сяргей  Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Свой духоўны шлях біскуп Сіповіч пачаў яшчэ ў 14 гадоў, прыйшоўшы ў марыянскі кляштар у Друі. Потым працягнуў сваю адукацыю ў Вільні і Рыме, абараніў дактарат. Доўга жыў і працаваў у Лондане. Стаў святаром у 1940 г., а праз 20 гадоў – біскупам і адначасова Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў у замежжы. 

Зараз прадстаўнікі Грэка-каталіцкай Царквы Беларусі працуюць над архіўнымі дакументамі і нататкамі біскупа Чэслава Сіповіча, каб асэнсаваць дасягненні іерарха і, тым самым, ушанаваць памяць чалавека, які шмат зрабіў для вернікаў і Касцёла. “Ёсць заўжды небяспека, што будзем будаваць Царку “па вобразу і падабенству свайму”, а трэба глядзець і ў мінулае, на гісторыю. Нават мы, грэка-католікі, павінны шмат яшчэ зрабіць, каб асэнсаваць постаць біскупа Чэслава Сіповіча, таму што ён яшчэ ў тыя камуністычныя часы змагаўся за прызначэнне каталіцкага біскупа ў Беларусі, і не толькі для грэка-католікаў, (бо тады не было магчымасці аднавіць іх структуры). Мы не ведаем яшчэ ўсіх дэталяў, але ведаем, што вельмі яму гэта ляжала на сэрцы. Ён рабіў нататкі, вывучаў гісторыю рыма-каталіцкіх біскупаў у Мінску. Гэта была вельмі важная справа і ў гэтым сэнсе мы павінны асэнсаваць гэта. І гэта таксама запавет, які даў нам, пры маёй сустрэчы з ім, Папа ў мінулым годзе – “асэнсуйце вашу духоўную спадчыну”, - паведаміў святар. 

Біскуп Чэслаў Сіповіч, яго праца і постаць, натхняе грэка-католікаў і сёння. Царква аднавіла сваю адкрытую дзейнасць у сучаснай Беларусі ў 1990-я гады, але яе гісторыя сягае нашмат далей, калі існавалі ўсе атрыбуты Царквы: епархіі і іерархія. 

Не шмат хто ведае, што кананічна епархіі існуюць і зараз, звярнуў увагу архімандрыт Сяргей Гаек, бо ў 1839 г. ліквідаваны яны былі толькі праз гвалт свецкіх уладаў, па палітычных прычынах. “Старыя епархіі, Полацкая і Літоўская, якіх дзейнасць была прыпынена, нават можна сказаць знішчана ўладамі, на самой справе паводле касцёльнага заканадаўства існуюць і сёння, іх можна проста аднавіць. І гэта была б асноўная база. Царква, якую маем сёння, гэта тое, што было адноўлена 22 гады таму, а вядома, што сёння пастырскія патрэбы ўжо іншыя”, - адзначыў архімандрыт. 

Таму грэка-католікі Беларусі жывуць сёння спадзяваннем і марамі аб адпаведнай кананічнай структуры і спадзяюцца на заступніцтва перад Богам біскупа Чэслава Сіповіча ў спаўненні гэтага.      

А праца па вывучэнні спадчыны беларускага іерарха будзе працягнута. Прадстаўнікі Грэка-каталіцкай Царквы ўжо хутка плануюць сабраць і прадставіць у Беларусі гістарычны матэрыял аб яго асобе.








All the contents on this site are copyrighted ©.