2015-08-10 12:00:00

Пантыфік устанавіў Дзень малітвы за Стварэнне


Папа Францішак устанавіў Сусветны дзень малітвы аб абароне Стварэння, які будзе святкавацца штогадова 1 верасня. Адпаведны ліст Святы Айцец скіраваў 10 жніўня 2015 г. на імя кардынала Пітэра Тарксана, старшыні Папскай рады “Iustitia et pax” і кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. 

Дзень малітвы мае экуменічны характар і будзе адзначацца таксама Праваслаўнай Царквой. Таму, у спецыяльным пасланні Пантыфіка, падкрэсліваецца ўклад Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея І і Мітрапаліта Іааніса ў з’яўленне яго “экалагічнай” энцыклікі “Laudato si’”. У пэўным сэнсе, Дзень малітвы аб абароне Стварэння, з’яўляецца наступствам гэтага папскага дакумента.

У сваім лісце Святы Айцец адзначыў жаданне  вызнаўцаў Хрыста “зрабіць свой унёсак у перамогу над экалагічным крызісам, які перажывае чалавецтва”. Паўтараючы некаторыя думкі сваёй энцыклікі “Laudato si’”, Пантыфік нагадаў, што “духоўнасць неадрыўная ад прыроды”  і “павінна перажывацца ў адзінстве з ёй”. Папа заклікаў да сапраўднага “экалагічнага навяртання”, і нагадаў, што клопат аб навакольным асяроддзі, з’яўляецца часткай цнатлівага жыцця. Ён  абавязковы, а не факультатыўны для вызнаўцаў Хрыста, падкрэсліў  Францішак.

Дзень малітвы аб абароне Стварэння, на думку Святога Айца – гэта трапная нагода, каб падзякаваць Богу за Яго “цудоўную справу” давераную чалавеку і папрасіць “аб Яго міласэрнасці за грахі здзейсненыя супраць свету ў якім жывем”. Святкаванне гэтага дня разам з праваслаўнымі вернікамі, будзе сведчаннем адзінства хрысціян, якое ўзрастае, лічыць Папа.

Францішак адзначыў важнасць святкавання Дня малітвы не толькі на касцёльным узроўні, але таксама разам з міжнароднымі арганізацыямі, якія працуюць у сферы абароны прыроды, а таксама падключэння да ініцыятывы вызнаўцаў іншых хрысціянскіх канфесій.








All the contents on this site are copyrighted ©.