2015-08-24 12:57:00

Ватыканскі кардынал пра Касцёл і грошы


Тое, што мы робім у Ватыкане, павінна стаць узорам для ўсяго Касцёла, сказаў кардынал Джордж Пэл. Прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях, які ўжо паўтара года займаецца арганізацыяй ватыканскіх фінансаў, прыняў удзел у Сустрэчы на карысць сяброўства паміж народамі, якая праходзіла ў мінулыя дні ў італьянскім Рыміні. Там іерарх прадставіў усёабдымны рэферат на тэму “Касцёл і грошы”.
 
Зыходзячы з Евангелля, ён паказаў, як развівалася каталіцкае ўспрыманне эканамічных пытанняў, у тым ліку, напрыклад, якімі былі адносіны да крэдытаў пад працэнты. Калі Касцёл мае актывы або інвестыцыі, гэта абавязак касцёльных уладаў, гарантаваць, каб яны прыносілі адпаведны прыбытак. Калі так не адбываецца, як правіла, карыстаецца гэтым нехта іншы, сказаў кардынал Пэл.

Аўстралійскі іерарх адзначыў, што маёмасць Касцёла павінна служыць яго ініцыятывам. Ён нагадаў, што гэтыя актывы не належаць толькі адной генерацыі, і, за выключэннем крайніх выпадкаў, такіх як вайна ці голад, тое, што было успадкавана, павінна быць перададзена будучым пакаленням.

Кіраўнік ватыканскай эканамічнай дыкастэрыі падкрэсліў, што Касцёл павінен зрабіць парадак у сваіх фінансах. Сучасныя метады фінансавага кантролю сапраўды добрыя; яны гарантуюць справядлівасць і эфектыўнасць, але тут патрабуецца дапамога спецыялістаў.

Кардынал Пэл падкрэсліў, што духавенства не можа тлумачыцца тым, што не разбіраецца ў фінансах, бо такімі адносінамі карыстаюцца ашуканцы. Касцёльныя настаяцелі не павінны быць экспертамі ў галіне эканомікі, але абавязаны быць у стане зрабіць выснову, калі існуюць парушэнні, лічыць прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях.








All the contents on this site are copyrighted ©.