2015-08-28 13:04:00

Кардынал Амата пра значэнне беатыфікацыі сірыйскага епіскапа


Папа Францішак жадае, каб беатыфікацыі сіра-каталіцкага епіскапа Флавіена Мішэля Мелкі, закатаванага сто гадоў таму падчас пераследу армян і іншых меншасцяў у Атаманскай імперыі, стала пасланнем надзеі і падтрымкі для ўсіх хрысціян, якія падвяргаюцца прыніжэнням і прыгнёту. Пра гэта расказаў кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. 29 жніўня 2015 г. пурпурат узначаліць беатыфікацыю епіскапа Мелкі, якая пройдзе ў ліванскай Харысе.

Сёння на Блізкім Усходзе многія хрысціяне перажываюць захад чалавечай цывілізацыі мірнага суіснавання, лічыць ватыканскі іерарх. На яго думку, вызнаўцы Хрыста не жадаюць здавацца перад абліччам лютасці і імкнуцца адказваць на насілле “з адвагай і вялікай верай”. Менавіта гэтаму вучыць прыклад біскупа Флавіена Мішэля Мелкі.

Будучы благаслаўлёны паходзіў з сіра-праваслаўнай сям’і, але ў 21-гадовым узросце вырашыў перайсці ў каталіцкі абрад. Ён стаў членам Брацтва св. Яфрэма і займаўся душпастырскай, выкладчыцкай і місіянерскай дзейнасцю ў сірыйскіх пасяленнях на мяжы Ірака і Турцыі.  

З пачаткам пераследу рэлігійных і этнічных меншасцяў у Атаманскай імперыі ў 1915 г. біскуп Мелкі актыўна бараніў правы свайго народу, дапамагаючы ўсім хрысціянам, незалежна ад канфесіі, на тэрыторыі сваёй епархіі. Нягледзячы на папярэджванні аб небяспецы з боку сваіх сяброў-мусульман ён не пакідаў сваіх  вернікаў. У жніўні 1915 г. іерарх быў звяволены разам з групай іншых святароў і свецкіх вернікаў. Каты прымушалі яго адмовіцца ад хрысціянства і прыняць іслам, але ён адмовіўся, за што быў забіты.

Паводле кардынала Амата, сітуацыя стогадовай даўніны нагадавае пра тое, што адбываецца сёння на Блізкім Усходзе. У такім кантэксце беатыфікацыя біскупа Мелкі з’яўляецца сапраўдным дарам папы Францішка Касцёлу ў гэтым рэгіёне і ў першую чаргу Сіра-каталіцкай Царкве. “Гэта дар, які пазнаёміць увесь свет з чалавечай і хрысціянскай цнотай гэтага героя Хрыста і напоўніць адвагай і надзеяй братоў, прыніжаных і пераследаваных сучаснымі прыгнятальнікамі”, - сказаў ватыканскі пурпурат.








All the contents on this site are copyrighted ©.