2015-08-29 11:33:00

Англіканская Царква далучыцца да малітвы за стварэнне


Англіканская Царква далучыцца да святкавання Сусветнага дня малітвы аб абароне стварэння, які, па ініцыятыве папы Францішка, упершыню будзе адзначацца 1 верасня 2015 г. З адпаведным зваротам выступіў епіскап Салісберы Нікалас Хотлам, адказны за экалагічныя пытанні ў Англіканскай Царкве. Іерарх заклікаў вернікаў і ўсіх людзей добрай волі падтрымаць Святога Айца і Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея І постам і малітвай у інтэнцыі захавання навакольнага асяроддзя. 

У сваім звароце епіскап Хотлам узгадаў словы Пантыфіка аб важнасці супольнага сведчання хрысціян розных канфесій перад абліччам існуючых выклікаў. Ён нагадаў, што Праваслаўная Царква адзначае Сусветны дзень малітвы за стварэнне з 1989 г. Сёлета да яе далучыўся Каталіцкі Касцёл. 

На думку англіканскага іерарха, дзень малітвы, посту і разважання аб стварэнні мае глыбокае значэнне, бо існуючы экалагічны крызіс з’яўляецца таксама і духоўным. “Малітва асвячае нашы жаданні і ўмацоўвае нашу рашучасць”, - напісаў у сваім пасланні епіскап.








All the contents on this site are copyrighted ©.