2015-09-01 16:59:00

Святы Айцец прыняў удзел у малітве за стварэнне


З нагоды Сусветнага дня малітвы аб абароне стварэння папа Францішак прыняў удзел у набажэнстве Літургіі Слова, якое прайшло вечарам 1 верасня 2015 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра. Гамілію падчас яго прамовіў прапаведнік Папскага дома айцец Раньера Канталамеса. 

Капуцын заўважыў, што некаторыя філосафы бачылі ў Бібліі прычыну ўсяго экалагічнага крызісу і звязваюць гэта з загадам Бога “панаваць” над стварэннем, змешчаным на яе першых старонках. Біблійнае “панаванне”, аднак, адрозніваецца ад таго, якое маюць палітычныя суверэны, што эксплуатуюць сваіх падданых. Мэта біблійнага “панавання” не ва ўласнай карысці, але ў дабры самога стварэння. Вера ў Бога Стварыцеля і чалавека, створанага на Яго падабенства – гэта гарантыя для прыроды, падкрэсліў прапаведнік.

Пацвярджэннем таго, што не Біблія, гэта прычына экалагічнага крызісу, з’яўляецца карта забруджвання планеты. Яна не супадае з распаўсюджанасцю хрысціянства ці іншых рэлігій, але з арэаламі “дзікай індустрыялізацыі, скіраванай толькі на прыбытак, і карупцыяй, якая закрывае вусны ўсім пратэстам, і супрацьстаіць усім уладам”.

Айцец Канталамеса звярнуў увагу на жудаснае парушэнне прыроднай іерархіі, якая была прызначана служыць чалавеку. Ён прывёў прыклад сітуацыі, калі на набыццё жывёлаў выдаткоўваюцца велізарныя грошы, у той час, як ад голаду паміраюць мільёны дзяцей. Прапаведнік таксама звярнуў увагу на праблему выкідання ежы. Ён узгадаў, што сам Езус, памнажаючы хлябы і рыбу, загадаў сабраць рэшткі, “каб нічога не змарнавалася”.

Не застаўся па-за ўвагай італьянскага капуцына і прыклад св. Францішка Асізскага, які ўмеў радавацца рэчам, сузіраючы іх, а не авалодваючы імі. Такая пазіцыя актуальна і сёння, каб не красці рэсурсы, празмерна іх выкарыстоўваючы і пазбаўляючы іх будучыя пакаленні. Св. Францішак не меў “глабальнага і планетарнага бачання экалагічнай праблемы”, але думаў пра тое, што можа зрабіць менавіта ён сам. І гэта прыклад – пачынаць клапаціцца аб стварэнні трэба з сябе, заўважыў у сваёй гаміліі прапаведнік Папскага дома.








All the contents on this site are copyrighted ©.