2015-09-02 12:01:00

Пантыфік: неабходна больш сямейная арганізацыя свету


Аб неабходнасці больш сямейнай арганізацыі свету казаў папа Францішак 2 верасня 2015 г., падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваёй катэхезе Пантыфік падкрэсліў, што нельга супрацьпастаўляць веру ў Бога і сямейны стыль жыцця. Падобныя ідэі ўзнікаюць пры памылковай інтэрпрытацыі словаў Хрыста: “Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне. I хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне” (Мц 10,37-38).

Францішак падкрэсліў, што “Езус не жадаў адмяняць чацьвёртага прыказання”, а наадварот, калі казаў пра першаснасць веры ў Бога, не знаходзіў лепшага  параўнання, чым з сямейнымі пачуццямі. “З іншага боку, гэтыя сямейныя сувязі, у досведзе веры і любові Божай, перамяняюцца, “напаўняюцца” яшчэ большым сэнсам і становяцца здольнымі выходзіць па-за сябе, каб ствараць больш шырокае айцоўства і мацярынства, і каб прымаць, як братоў і сясцёр, таксама і тых, хто знаходзіцца на ўзбочыне любых сувязяў”, - сказаў Святы Айцец.

“Мудрасць пачуццяў”, якія не купляюцца і не прадаюцца – гэта найлепшая якасць “сямейнага генія”. Узрастаць у ёй вучацца менавіта ў сям’і праз яе Бог дазваляе ўсім зразумець сябе. 

Заклік размясціць сямейныя пачуцці ў сферы паслухмянасці веры і запавету з Панам не прыніжае іх, а наадварот, бароніць, пазбаўляе эгаізму і захоўвае ад дэградацыі, вядзе ў бяспечнае месца для жыцця, якое не памірае. Сямейны стыль у міжчалавечых адносінах – гэта благаслаўленне для народа, якое вяртае надзею на Зямлю, сказаў Францішак.

“Калі сямейныя пачуцці атрымліваецца перамяніць ў сведчанне Евангелля, яны становяцца здольнымі да неверагодных рэчаў, якія дазваляюць дакрануцца да справаў, якія Бог здзейсняе ў гісторыі, як тых, што Езус чыніў для мужчын, жанчын ці дзяцей, якіх сустракаў. Адна толькі ўсмешка, цудоўным чынам выцягнутая з адчаю пакінутага дзіцяці, якое пачынае жыць, тлумачыць нам дзейнасць Бога ў свеце лепш, чым тысячы тэалагічных трактатаў. Адзін толькі мужчына ці адна жанчына, здольныя рызыкнуць і ахвяравацца дзеля дзіцяці іншых людзей, а не толькі дзеля ўласнага, тлумачаць любоў, якую многія навукоўцы не зразумеюць ніколі. Там дзе ёсць сямейныя пачуцці, нараджаюцца сардэчныя жэсты, якія прамаўляць да нас мацней за словы. Жэсты любові!”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў задумацца наколькі б мог змяніцца свет, калі б кіраўніцтва ім было перададзена запавету мужчыны і жанчыны з Богам. “Падумайце пра развіццё гэтага сведчання сёння. Уявім сабе, што стырно гісторыі (грамадства, эканомікі, палітыкі) будзе нарэшце перададзена саюзу мужчыны і жанчыны, каб кіравалі ім з позіркам скіраваным на наступныя пакаленні. Тэмы зямлі і дому, эканомікі і працы, сталі б музыкай якая б загучала зусім па іншаму!”, - адзначыў Пантыфік.

На думку Пантыфіка, запавет сям’і з Богам пакліканы супрацьстаяць “апустыньванню” сучасных гарадоў, бедных любоўю і ўсмешкамі. “Ніводная эканамічная ці палітычная інжэнерыя не ў стане замяніць уклад сем’яў”, сказаў ён. Напрыканцы сваёй катэехезы Папа заўважыў, што адзінству харызматаў, якія даюцца ў сакрамэнце сужэнства і падчас прысвячэння Валадарству Божаму, прадвызначана перамяніць Касцёл ў сапраўднае сямейнае месца сустрэчы з Богам, а сям’я ў якой любяць, можа распаліць сэрцы нашых гарадоў сваім сведчаннем любові.








All the contents on this site are copyrighted ©.