2015-09-03 16:00:00

Папа павіншаваў юдэяў Аргентыны з надыходзячымі святамі


Папа Францішак скіраваў віншавальную тэлеграму на імя Абрагама Скоркі, галоўнага рабіна Буэнас-Айрэса, з нагоды святкавання Рош Ха-Шана, яўрэйскага Новага года, а таксама Ём Кіпура (Дня паяднання). Пантыфік выказаў шчырыя віншаванні ўсёй яўрэйскай супольнасці Аргентыны і заклікаў не забываць маліцца за яго. Са свайго боку ён таксама паабяцаў малітву.

Францішак скіроўвае віншаванні аргентынскай яўрэйскай супольнасці штогадова. Гэту традыцыю ён пачаў яшчэ ў 1998 г., будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса.

“Пішу гэтыя некалькі слоў да цябе, умілаваны брат і сябар, ведаючы, што знаходзішся на этапе асабістай і супольнай падрыхтоўкі да святкавання яўрэйскага 5776 Новага году. Рош Ха-Шана і Ём Кіпур – згодна з юдэйскай традыцыяй – гэта час, калі Адвечны Пан судзіць усе стварэнні, таму неабходна здзейсніць унутраны рахунак”, - напісаў Папа ў сваім лісце. Ён дадаў, што гэты час для юдэяў з’яўляецца таксама часам надзеі, малітвы і паяднання і пажадаў ім Божага благаслаўлення.

Галоўны рабін Буэнас-Айрэса, Абрагам Скорка з’яўляецца даўнім сябрам Святога Айца. У складзе афіцыйный дэлегацыі ён суправаджаў Пантыфіка падчас яго мінулагодняга візіту ў Святую Зямлю, разам з кіраўніком мусульманскай супольнасці Аргентыны Амарам Абудам.








All the contents on this site are copyrighted ©.