2015-09-06 10:56:00

Ватыканская аптэка аказала дапамогу мігрантам


Ватыканская аптэка перадала адной з рымскіх структур, якая аказвае дапамогу мігрантам, каля 50 кг антыкароставых лекаў, 100 упаковак антыбіётыкаў і антыгістамінных прэпаратаў, 50 упаковак антыгрыбковых мазяў.

“Вельмі важна ведаць, што Ватыканская аптэка – гэта не крама, не прадпрыемства мэтай якога з’яўляецца прыбытак. Фундаментальнае заданне Ватыканскай аптэкі – чыніць дабро іншым”, - распавёў брат Рафаэль Чыза Рамірэс, дырэктар установы. “Мы адкрыты для ўсяго свету, у тым сэнсе, што маем лекі, якіх няма ў Італіі і ў многіх іншых частках свету”,- дадаў ён.
 
Карыстацца паслугамі Ватыканскай аптэкі могуць не толькі асобы, якія працуюць у Ватыкане ці ўстановах Апостальскай Сталіцы, але ўсе, па прад’яўленні медыцынскага рэцэпту. Аптэка мае адну з самых вялікіх у свеце колькасць наведвальнікаў: штодзённа тут абслугоўваецца каля 2000 чалавек.

Структура мае ўласную лабараторыю, у якой вырабляюцца лекі і мазі. Вытворчасць антыкароставых прэпаратаў тут пачалася, каб адказаць на патрэбы тысяч мігрантаў, якія штогадова прыбываюць у Італію. Ватыканская аптэка рэгулярна аказвае дабрачынную дапамогу патрабуючым праз пасярэдніцтва Апостальскай элемазінарыі і асабіста яе кіраўніка – арцыбіскупа Конрада Краеўскага. Грошы, якія зарабляе ўстанова, ідуць на дабрачынны ініцыятывы Святога Айца. 








All the contents on this site are copyrighted ©.