2015-09-10 13:34:00

Святы Айцец прывітаў “маладых біскупаў”


10 верасня 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане каля 130 біскупаў, якія атрымалі сакру на працягу апошняга году. Яны прыбылі ў Рым на спецыяльны курс, арганізаваны Кангрэгацыяй па справах Біскупаў і Кангрэгацыяй па справах Усходніх Касцёлаў. Сярод іерархаў, адзін з Беларусі – дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.

Францішак заўважыў, што ў сваёй прамове жадае ісці далей за “каталог праблематык”, якія чакаюць біскупаў: “Я б не хацеў засяроджвацца на гэтым раскладзе абавязкаў, каб не спужаць вас і сябе. У вас ведзь яшчэ мядовы месяц!”, - пажартаваў Пантыфік.

Тым не менш Папа нагадаў, што “першым і незаменным абавязкам” біскупаў з’яўляецца сведчанне аб Уваскрослым Хрысце, каб адказаць на пытанне свету пра самае важнае. На думку Папы, сёння людзі забыліся аб вечнасці, і нярэдка ў разгубленасці крочаць навобмацак, ахопленыя “цынічным разлікам ўласнага выжывання” і абыякавасцю да “магчымасці вечнага жыцця”. Нягледзячы на гэта, перад Касцёлам ставяцца пытанні, адказаць на якія немагчыма без перспектывы ўваскрашэння і вечнасці.

Францішак нагадаў аб “драматычных выкліках”, якія стаяць перад біскупамі: глабалізацыі, “эпахальнага феномену міграцыі”, “недальнабачнай і часам драпежніцкай эксплуатацыі” навакольнага асяроддзя, годнасці і будучыні чалавечай працы, “якой пазбаўлены цэлыя пакаленні, узведзеныя да ўзроўню статыстыкі”, “апустыньвання адносін”, згубленасці моладзі і самотнасці пажылых людзей. 

Біскупы пакліканы цалкам прысвяціць сябе дабру ўласных супольнасцяў, каб “ніводная сфера жыцця людзей” не была “выключана з інтарэсу пастыра”. Папа заклікаў нядаўнапрызначаных іерархаў “за руку” весці тых, хто ўжо наведвае іх супольнасці, становячыся “педагогамі, духоўнымі кіраўнікамі і катэхетамі”, а таксама клапаціцца пра тых, хто аддаліўся ад Касцёла ці зусім не ведае Хрыста. 








All the contents on this site are copyrighted ©.