2015-09-23 13:58:00

Джон Кэры аб супрацоўніцтве паміж ЗША і Святым Пасадам


Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры выказаў глыбокае задавальненне тым фактам, што “прыярытэты знешняй палітыкі Злучаных Штатаў і добрыя ініцыятывы Апостальскай Сталіцы перасякаюцца ў многіх тэмах”. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё з нагоды “амерыканскага” візіту папы Францішка, палітык нагадаў, што Апостальская Сталіцы адыграла вызначальную ролю ў ініцыяцыі дыялогу, які прывёў да збліжэння ЗША і Кубы. Ён таксама запэўніў у працягу супрацоўніцтва са Святым Пасадам на карысць пераадолення актуальнага міграцыйнага крызісу, у сферах экалогіі, міжрэлігійнага дыялогу, спрыяння развіццю, абароны правоў чалавека і барацьбы з гандлем людзьмі.

Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі заявіў, што адным з пунктаў супрацоўніцтва і дыялогу паміж Злучанымі Штатамі і Апостальскай Сталіцай з’яўляецца сітуацыя ў Міжземнаморскім рэгіёне і феномен міграцыі. Ён паведаміў, што з пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі ЗША вылучылі каля 4,1 млрд. долараў на гуманітарную дапамогу мясцоваму насельніцтву – больш чым любая іншая дзяржава. У 2016 г. Злучаныя Штаты прымуць каля 10 тыс. сірыйскіх бежанцаў, дадаў палітык. 

Джон Кэры заўважыў, што “многія ў свеце натхняюцца ўвагай” папы Францішка да праблемы бедных і выкінутых на ўзбочыну грамадства. “Злучаныя Штаты і Апостальская Сталіца падзяляюць перакананне ў тым, што ўсе людзі маюць роўную годнасць і каштоўнасць, і мы павінны прыкласці намаганні, каб дапамагчы кожнай чалавечай істоце цалкам рэалізаваць уласныя магчымасці ў жыцці”, - сказаў амерыканскі дыпламат. 








All the contents on this site are copyrighted ©.