2015-09-28 15:31:00

Папа скіраваў пасланне на Сусветныя дні моладзі


Даверыць жыццё Божай Міласэрнасці і прасіць аб ёй усім сэрцам заклікаў папа Францішак у пасланні на Сусветныя дні моладзі, якія пройдуць у 2016 годзе ў Кракаве. У дакуменце апублікаваным 28 верасня 2015 г. Пантыфік заахвоціў юнакоў і дзяўчат несці полымя міласэрнай любові Хрыста у штодзённае жыццё, здзейсняючы фізічныя і духоўныя акты міласэрнасці.

Святы Айцец заўважыў, што сусветны моладзевы форум у Кракаве будзе першым пасля кананізацыі яго заснавальніка – Яна Паўла ІІ. Акрамя таго, ён пройдзе ў рамках Юбілею Міласэрнасці. 

Папа нагадаў, што міласэрнасць не з’яўляецца абстрактнай ідэяй, але канкрэтнай рэальнасцю, у якую ўключана прабачэнне. У Езусе ўсё кажа аб міласэрнасці. Ён сам з’яўляецца міласэрнасцю, а кароткі змест ўсяго Евангелля можна выразіць словамі: “радасць Бога – у прабачэнні”, перакананы Пантыфік.

Францішак заклікаў моладзь часцей прыступаць да сакрамэнту споведзі і ўзгадаў, што менавіта сустрэча са святаром у канфесіянале назаўсёды змяніла яго жыццё і паспрыяла навяртанню. Канфесіянал – гэта месца міласэрнасці, у якім можна патрапіць у абдымкі Бога, напісаў Папа.

Міласэрнасць – гэта не сентыментальнасць, падкрэсліў Святы Айцец і заклікаў юнакоў і дзяўчат практыкаваць яе у штодзённым жыцці. Божая Міласэрнасць – гэта “вельмі канкрэтная і патрабавальная жыццёвая праграма”, якая прадугледжвае справы, сярод якіх самая складаная, гэта прабачэнне тых, хто нас абразіў, хто прычыныў нам боль, хто з’яўляецца нашым ворагам.

Папа адзначыў, што міласэрнасць – гэта адзіны спосаб, каб перамагчы зло ў свеце. Справядлівасць неабходная, але яе недастаткова, таму яны павінны ісці разам, дадаў ён.

Сусветныя дні моладзі 2016 г. у трэці раз супадуць з Юбілейным годам у Каталіцкім Касцёле. У 1984 г. форум праходзіў у рамках Юбілею Адкуплення, а ў 2000 г. – у рамках Вялікага Юбілею Хрысціянства.








All the contents on this site are copyrighted ©.