2015-09-30 10:29:00

Да Францішка звярнуліся з “сыноўнім прашэннем”


Каля 800 000 подпісаў былі сабраныя ў рамках “Сыноўняга прашэння да Францішка адносна будучыні сям’і”, якое 29 верасня 2015 г. было ўручана Святому Айцу. Подпісы былі сабраны ў 178 краінах. Зварот падпісалі, у прыватнасці, 202 кардыналы, арцыбіскупы і біскупы.

У “прашэнні” гучыць заклік да Папы, каб ён “узяў слова і развеяў непаразуменні”, якія выклікалі замяшанне сярод многіх католікаў адносна магчымасці допуску да прыняцця св. Камуніі разведзеных, якія жывуць у новых саюзах, “што б адчыніла ў Касцёле зазор, праз які магла б наступіць легалізацыя чужалоства”. На думку аўтараў звароту, тыя ж непаразуменні існуюць і адносна гомасексуальных саюзаў, і толькі сам Папа можа развеяць гэтыя сумневы і замяшанне, якое ўзнікае вакол іх.

Прадстаўнік арганізатараў акцыі, прафесар біяэтыкі Еўрапейскага ўніверсітэта ў Рыме, Тамаза Скандроліа сказаў, што ініцыятыва выклікала шырокі рэзананс у сродках масавай інфармацыі і ўключылася канструктыўным чынам у перадсінадальную дыскусію.

Трэба нагадаць, што Сінод Біскупаў на тэму сужэнства і сям’і пачынаецца ў Ватыкане ўжо ў гэту нядзелю, 4 кастрычніка 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.