2015-09-30 15:02:00

“Caritas” пра крызіс еўрапейскай салідарнасці


Еўрапейская супольнасць перажывае крызіс салідарнасі, лічаць у “Caritas Europa”. Аб гэтым сведчыць цяперашняя сітуацыя з бежанцамі. Невырашаная спрэчка вакол лёсу блізкаўсходніх уцекачоў выразна паказала сацыяльную, эканамічную і палітычную бездапаможнасць аб’яднанай Еўропы, можна прачытаць у заяве каталіцкай дабрачыннай асацыяцыі, апублікаванай 30 верасня 2015 г. у Брусэлі. Еўрапейскія лідэры павінны будуць не толькі знайсці рашэнні адносна бежанцаў, але прыняць цэласны і ўстойлівы падыход.

Многія еўрапейскія краіны аказаліся не падрыхтаванымі да прыняцця бежанцаў. Свой “уклад” у гэта ўнеслі шматгадовыя меры жорсткай эканоміі ў неадпаведных сферах, сцвярджае “Caritas Europa”. Салідарнасць стала ўсё больш рэдкай з’явай у Еўропе. “Мы павінны ўсе разам падтрымаць неабходнымі рэсурсамі мігрантаў, бежанцаў і асоб, якія шукаюць прытулку, і стварыць добрыя ўмовы іх прыняцця ў Еўропе”, - запатрабавалі каталіцкія дабрачынцы.

Для ўстойлівага рашэння ЕС павінна сесці за стол перамоў з урадамі краін Афрыкі і Блізкага Усходу. Еўропа застаецца адным з самых багатых рэгіёнаў свету і не павінна ўхіляцца ад бежанцаў, лічаць у “Caritas Europa”.








All the contents on this site are copyrighted ©.