2015-10-01 14:01:00

Папа: місіянеры патрэбны на ўскраінах грамадства


“Місіянеры – гэта слугі і пасланнікі Евангелля, асабліва для тых, хто яго не ведае ці забыўся”, - падкрэсліў 1 кастрычніка 2015 г. папа Францішак, сустракаючыся ў Ватыкане з супольнасцю Місіянераў Найсвяцейшага Сэрца. Узгаданая манаская кангрэгацыя праводзіць у гэтыя дні ў Рыме свой Генеральны капітул. “У аснове місіі ляжыць дар – гэта вольная ініцыятыва Бога, Які звярнуўся з двайным пакліканнем: быць з Ім і прапаведаваць”, - дадаў Пантыфік і нагадаў, што сапраўдным скарбам місіянера з’яўляецца малітва. Місія, каб быць сапраўднай, павінна звярнуцца і засяродзіцца на ласцы Хрыста, якая цячэ з крыжа. Папа заклікаў законнікаў заўсёды сілкавацца Божым Словам і быць яго “рэхам”.

Святы Айцец спаслаўся на постаць заснавальніка Місіянераў Найсвяцейшага Сэрца св. Даніэля Камбоні, які засяродзіў сваё жыццё на міласэрнай любові Хрыстовага Сэрца да бездапаможных асоб. Менавіта любячае сэрца павінна весці місіянера на ўскраіны грамадства, да слабых і абяздоленых, сказаў Францішак і заклікаў законнікаў рабіць гэта.








All the contents on this site are copyrighted ©.