2015-10-02 14:03:00

Кардынал выступіў з ідэяй катэхізісу аб сужэнстве і сям’і


Карысным плёнам Сіноду Біскупаў магло б быць абвяшчэнне Папам катэхізісу аб сужэнстве і сям’і для ўсяго Касцёла, лічыць кардынал Карла Кафара, першы старшыня Папскага інстытуту Яна Паўла II для даследаванняў аб шлюбе і сям’і, а на сённяшні дзень арцыбіскуп Балонні.

Ён папярэдзіў, што сям’я сутыкаецца з радыкальным, беспрэцэдэнтным выклікам, адказ на які не могуць даць ні сацыялогія, ні міласэрнасць. Таму трэба нанова прадставіць свету хрысціянскае бачанне сужэнства, якое не з’яўляецца ні ідэалам, ні законам, але праўдай аб сужэнстве і сям’і.

Кардынал Кафара выступіў на міжнароднай канферэнцыі, якая адбылася ў Рыме перад Сінодам Біскупаў, які распачынаецца ў бліжэйшую нядзелю, 4 кастрычніка 2015 г., у Ватыкане. У ёй узялі ўдзел, між іншымі, ватыканскія кардыналы: Рабер Сара, Рэйманд Бёрк і Вальтэр Брандмюлер.

У форуме прыняў удзел таксама арцыбіскуп Кірыл Васіль, сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. Ён перасцярог ад перанясення ў каталіцкую рэчаіснасць практыкі некаторых Праваслаўных Цэркваў адносна разведзеных, якія жывуць у новых саюзах. На яго думку, гэтыя ідэі заснаваны на вельмі павярхоўным аналізе.








All the contents on this site are copyrighted ©.