2015-10-03 11:09:00

Францішак прыняў Апостальскага нунцыя ў Беларусі


Папа Францішак прыняў 3 кастрычніка 2015 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане Апостальскага нунцыя ў Беларусі, арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Аўдыенцыі Пантыфіка для яго дыпламатычнага прадстаўніка ў Беларусі сталі рэгулярнымі. Падчас іх Папа цікавіцца жыццём грамадства і Касцёла. 

Падчас першай, якая адбылася 30 верасня 2013 г., праз некалькі месяцаў пасля абрання Францішка, і трывала 40 хвілін, ён затрымаўся над жыццём і перспектывамі Беларусі. Тады Святы Айцец цікавіўся таксама становішчам зняволенага святара Уладзіслава Лазара, выказваючы сваю заклапочанасць і просячы, каб яго асабіста рэгулярна інфармавалі аб развіцці сітуацыі.

Таксама год таму, 25 верасня 2014 г., Папа даў арцыбіскупу Гуджэроцці аўдыенцыю ў ватыканскім Апостальскім палацы. Падчас яе Францішак прадэманстраваў глыбокае веданне ролі Беларусі ў працэсе аднаўлення міру ва Украіне. Ён таксама падкрэсліў, што Святы Пасад будзе намагацца дзейнічаць на карысць беларускага народа, і выказаў надзею на тое, што атмасфера дыялогу і ўзаемапаразумення паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь будзе ўмацоўвацца, дазваляючы знайсці пазітыўнае рашэнне некаторых адкладзеных пытанняў. Пантыфік запэўніў, што моліцца за моладзь Беларусі і ўвесь беларускі народ.








All the contents on this site are copyrighted ©.