2015-10-05 12:13:00

Генеральны рэлятар Сінода выступіў з уводным дакладам


5 кастрычніка 2015 г. у Ватыкане прайшла першая агульная кангрэгацыя Сінода Біскупаў на тэму сям’і. З уводным дакладам падчас яе выступіў Генеральны рэлятар форума, венгерскі кардынал Пэтэр Эрдо. Ён пахіліўся над трыма галоўнымі тэмамі: выклікаў, які стаяць перад сям’ёй, яе паклікання і місіі. 

“Непарыўнасць сужэнства – гэта не гульня, а дар”, падкрэсліў іерарх. Менавіта сям’я і сужэнства не пакідаюць людзей “ізаляванымі індывідуумамі”, але перадаюць ім каштоўнасці і даюць незаменную магчымасць для чалавечага развіцця. Сям’я прынцыпова важная для жыцця ўсяго грамадства, бо ў ёй людзі вучацца супольнаму дабру, дадаў ён.

Кардынал Эрдо адзначыў важнасць належнай падрыхтоўкі сужонкаў, каб іх саюз не быў толькі знешнім і эмацыйным, але духоўным і касцёльным, а таксама падрыхтоўкі духавенства, каб было здольным суправаджаць сем’і ў “эмацыйным і псіхалагічным сталенні” і ў складаных жыццёвых сітуацыях. 

Генеральны рэлятар Сінода заахвоціў хрысціянскія супольнасці і ў прыватнасці самі сем’і ствараць структуры эканамічнай падтрымкі для сем’яў асаблівым чынам кранутых беднасцю, беспрацоўем ці працоўнай нестабільнасцю, недахопам медыцынскага забеспячэння і тых, якія сталі ахвярамі эксплуатацыі, войнаў і пераследу.

Гаворачы аб сітуацыі “параненых сем’яў” пурпурат звярнуў увагу на неабходнасці іх “касцёльнай інтэграцыі”.  Ён нагадаў, што “навучанне Хрыста аб непарыўнасці сужэнства было вельмі патрабавальным і нават выклікала разгубленасць сярод саміх вучняў”. “Евангеллі і св. Павел аднолькава сцвярджаюць, што “адпусканне” жонкі, якое практыкавалася раней у ізраільскім народзе, не дазваляе заключаць новае сужэнства ніводнаму з боку”, - сказаў ён.

Кардынал Эрдо адзначыў важнасць падтрымкі, з боку Касцёла, асобаў якія разышліся ці развяліся і не заключылі новых саюзаў. Неабходна дапамагачы ім на шляху да прабачэння і калі магчыма прымірэння, а таксама падтрымліваць дзяцей, якія становяцца ахвярамі такіх сітуацый. Касцёл можа заахвочваць сужонкаў, якія засталіся самі пасля краху іх сужэнства, быць моцнымі ў веры і хрысціянскім жыцці і знаходзіць у Эўхарыстыі пажытак, што дае сілы ў іх сітуацыі. 

Генеральны рэлятар Сінода адзначыў важнасць стварэння дыяцэзіяльных цэнтраў дапамогі сужонкам, якія перажываюць крызіс адносін, а таксама прадстаўляць ім магчымасць для выяснення таго ці было іх няўдалае сужэнства сапраўдным. “Неабходна міласэрнае душпастырскае суправажэнне, якое, аднак не пакідае сумніваў адносна праўды пра непарыўнасць сужэнства, якой навучыў Езус Хрыстус. Міласэрнасць Божая прапануе грэшніку прабачэнне, але патрабуе навяртання”, - сказаў іерарх.

Гаворачы аб адносінах да асобаў з гомасексуальнай арыентацыяй, пурпурат нагадаў пазіцыю Касцёла, якая заключаецца ў павазе да іх і асуджэнні іх несправядлівай дыскрымінацыі. У той жа час, ён падкрэсліў, што “не існуе ніводнага фундамента для ўпадабнення ці ўстанаўлення аналогій, нават аддалёных, паміж аднаполымі саюзамі і Божай задумай адносна сужэнства і сям’і”. 

Кардынал Эрдо назваў непрымальным ціск, які аказваецца на біскупаў у гэтым пытанні, а таксама абумову фінансавай дапамогі бедным краінам міжнароднымі арганізацыямі, увядзеннем законаў, якія ўстанаўліваюць “шлюбы” паміж асобамі аднаго полу.

У апошняй частцы свайго ўводнага дакладу кардынал Эрдо нагадаў навучанне Касцёла аб абароне чалавечага жыцця і падкрэсліў важнасць практыкавання “усынаўлення дзяцей”, якое можа быць “асаблівай формай сямейнага апостальства”. Пурпурат заклікаў Касцёл да навяртання, каб стаў “больш жывым, асабовым, супольнасным” і сведчыў аб “самай вялікай міласэрнасці” Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.