2015-10-06 12:04:00

Малітва за Сінод: можна атрымаць “прыёмнага” біскупа


Аўстрыйскі інстытут сужэнства і сям’і пажадаў падтрымаць пастаяннай малітвай кожнага з удзельнікаў Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, які праходзіць у Ватыкане, і прапанаваў ініцыятыву “Прыняць біскупа” (Adopt a bishop).

Тыя, хто зацікаўлены ўдзелам у ёй, могуць зарэгістравацца на спецыяльна створанай інтэрнэт-старонцы (www.adoptabishop.org). Пасля ўвядзення імя і адрасу электроннай пошты чалавеку будзе вызначаны “прыёмны” іерарх. Ініцыятыва нарадзілася пры падтрымцы Канферэнцыі Біскупаў Аўстрыі. 

Тып і колькасць малітваў ня вызначаны. “Проста кожны, па меры сіл і магчымасцяў, павінен далучыцца да малітвы, каб прасіць праз яе добрыя плёны для Сінода”, - падкрэслілі аўтары ідэі і дадалі, што хочуць падтрымаць пастыраў сілай сваёй веры і несці разам з імі ўскладзены на іх плечы “цяжар працы сінадальных дзён”.

Ініцыятыва ўключае ўвесь час прац асамблеі да 25 кастрычніка 2015 г. і тры дні пасля яе закрыцця. Цяпер сайт дзейнічае на нямецкай і англійскай мовах, у падрыхтоўцы іншыя.

XIV Генеральная Асамблея Сіноду Біскупаў на тэму паклікання і місіі сям’і ў Касцёле і сучасным свеце адкрылася ў Ватыкане 4 кастрычніка 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.