2015-10-06 15:01:00

Пантыфік выступіў на Сінодзе Біскупаў


72 Сінадальных Айцы выступілі падчас двух сесій Асамблеі, якая праходзіць у Ватыкане на тэму сям’і, паведаміў 6 кастрычніка 2015 г. на брыфінгу афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду, кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Гэтыя іерархі прадстаўляюць усе кантыненты і шматлікія мовы, сказаў ён і ўдакладніў, што 10 з іх – з Лацінскай Амерыкі, 7 – Паўночнай Амерыкі, 26 – Еўропы, 12 – Афрыкі, 8 – Азіі і Акіяніі, 6 – краін Блізкага Усходу. Яны прамаўлялі па-італьянску, англійску, французску, іспанску, нямецку і партугальску, чым стварылі шырокае “моўнае асяроддзе” Сіноду, заўважыў кіраўнік Залы Друку.

На вячэрнім пасяджэнні 5 кастрычніка ўдзельнікі Асамблеі мелі магчымасць выступіць у фармаце свабоднай дыскусіі. Галоўнай тэмай іх выказванняў стала новая метадалогія Сіноду. Кардынал Ларэнца Балдзісэры, генеральны сакратар біскупскай асамлеі, растлумачыў некаторыя аспекты новай формы працы і нагадаў, што падрыхтоўкай Выніковага дакументу зоймецца Камісія з 10 членаў, прызначаных Папам. Прычым галоўнай падставай для гэтай заключнай справаздачы будуць з’яўляцца вынікі прац так званых “малых груп”.

Падчас ранішняга пасяджэння 6 кастрычніка ўзяў голас папа Францішак, паведаміў кс. Ламбардзі. У сваім кароткім выступленні ён падкрэсліў, што “каталіцкае вучэнне аб сужэнстве не было парушана і не ставілася пад пытанне на папярэдняй асамблеі Сіноду”. Таксама Пантыфік адзначыў, што не трэба “абмяжоўваць і памяншаць гарызонт працы” цяперашняга Сіноду да пытання разведзеных.

Выступленні ўдзельнікаў падчас першай сесіі 6 кастрыніка былі сканцэнтраваны вакол тэм: сучаснай культурнай рэвалюцыі і адказу Касцёла на яе на зразумелай для сённяшняга чалавека мове, суправаджэння хрысціянскіх сем’яў праз адпаведнае душпастырства і салідарнасць, палярнасці культурных сітуацый, у якіх жывуць каталіцкія сем’і ў розных рэгіёнах свету. Не засталіся без увагі праблемы: насілля ў сем’ях, дзіцячай працы, крайняй галечы і канфліктаў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.