2015-10-06 13:23:00

Папа перасцярог ад апазіцыі да Божай міласэрнасці


Трэба сцерагчыся ачарсцвелага сэрца, якое не пакідае месца для Божай міласэрнасці, лічыць Францішак. Ён узначаліў 6 кастрычніка 2015 г. ранішнюю Эўхарыстыю ў капліцы Дому св. Марты. Папа заклікаў не пярэчыць Божай міласэрнасці, думаючы, што нашы ўласныя ідэі большыя за яе.

Спасылаючыся на літургічнае чытанне з Кнігі Ёны (3, 1-10), Святы Айцец заўважыў, што прарок супрацівіўся Божай волі, але ў рэшце рэшт прызнаў неабходнасць паслушэнства Богу, і яго пропаведзь навярнула вялікі горад Нініву. Гэты цуд стаў магчымым таму, што Ёна адмовіўся ад сваёй упартасці і зрабіў тое, што загадаў яму Бог. Але паколькі Нініва пакаялася, прарок, не будучы пакорлівым Святому Духу, гневаўся і адчуваў смутак, і нават наракаў на Бога.

Францішак адзначыў, што гісторыя Ёны можа быць падзелена на тры раздзелы: супраціў місіі, даверанай Богам; паслухмянасць, якая нараджае цуды; і апазіцыя да Божай міласэрнасці з-за таго, што Пан прабачае нінівіцянаў.

“Гэта сэрца ачарсцвелае, якое не пакідае месца для Божай міласэрнасці. Больш важнай з’яўляецца мая пропаведзь, больш важныя мае думкі, больш важны цэлы набор загадаў, якія я павінен захоўваць – усё акрамя Божай міласэрнасці”, - апісаў частае мысленне хрысціян Францішак. Святы Айцец нагадаў, што падобную драму перажываў Езус у сваім кантакце з кніжнікамі, якія не разумелі, чаму Ён не дазваляе каменаваць чужаложцаў і есць з мытнікамі і грэшнікамі. Яны не разумелі міласэрнасці і таго, што Бог добры і міласэрны.

Папа адзначыў, што ўсюды, дзе Бог, там і міласэрнасць. Ён працытаваў выраз св. Амброзія: “Дзе міласэрнасць, там ёсць дух Езуса. Там, дзе ёсць строгасць, ёсць толькі Яго слугі”. Францішак  дадаў, што ўпартасць супрацьставіцца місіі і аспрэчвае міласэрнасць.

“Перад маючым пачацца Годам Міласэрнасці, давайце папросім Пана дапамагчы нам зразумець, якім з’яўляецца Яго сэрца, што значыць “міласэрнасць”, што азначае, калі Ён кажа: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры” (Мц 12,7). (…) Божую міласэрнасць можна зразумець толькі тады, калі яна была спаслана на нас, на нашы грахі, на нашы беды”, - завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.