2015-10-07 14:20:00

Святы Пасад пра праблемы інтэлектуальнай уласнасці


Дэлегацыя Святога Пасаду прыняла ўдзел у пасяджэнні Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, якая прайшла ў Жэневе. Яе кіраўнік, арцыбіскуп Сільвана Тамазі, у сваім выступленні, апублікаваным 6 кастрычніка 2015 г., падкрэсліў, што сённяшні кантэкст, у якім працуе права на інтэлектуальную ўласнасць, моцна адрозніваецца ад тых часоў, калі “нарадзіўся IP-адрас”. За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў цэнтр накаплення багаццяў перасунуўся ад матэрыяльных актываў і фізічнага капіталу да нематэрыяльных прыбыткаў і капіталу інтэлектуальнага, заўважыў прадстаўнік Святога Пасаду.

Інтэлектуальнае права сёння сцісла звязана з адаптацыяй інавацый і выкарыстаннем новых тэхналогій, якія з’яўляюцца асноўным фактарам росту міжнародных эканомік. Можна назіраць, як неверагодны навуковы прагрэс у разуменні і выкарыстанні біялагічных рэсурсаў прычыніўся да паляпшэння жыцця людзей, у прыватнасці, у медыцынскай, фармацэўтычнай і сельскагаспадарчай сферах. І тут абарона інтэлектуальнай уласнасці адыгрывае істотную ролю, у першую чаргу, для стымулявання інавацый. 

Але таксама, разам з прызнаннем значэння абароны інтэлектуальнай уласнасці, важна памятаць аб прынцыпах справядлівасці ў службе агульнаму дабру. На сённяшні дзень не можна казаць, што плён навукова-тэхнічнага прагрэсу пастаўлены на службу ўсёй чалавечай супольнасці. Больш за тое, ён размяркоўваецца такім чынам, што няроўнасць павялічваецца. Закон прыбытку для асобных людзей не можа быць ужыты да таго, што мае важнае значэнне для барацьбы з голадам, хваробамі і беднасцю, падкрэсліў арцыбіскуп Тамазі.

Ватыканскі дыпламат закрануў пытанне Глабальнай патэнтавай сістэмы і адзначыў, што вынаходнікі і даследчыкі павінны мець доступ да ўсёабдымнай базы дадзеных патэнтавых прэтэнзій, а міжнародныя прадпрыемствы адчуваць сябе бяспечна пры ўваходзе на новыя рынкі са сваімі таварамі.
 
Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці павінна працягваць працаваць на службе свету наватараў, творцаў і карыстальнікаў, заклікаў прадстаўнік Святога Пасаду і заўважыў, што цяперашняя сістэма права інтэлектуальнай уласнасці пабудавана на даўніх і традыцыйных паняццях, прызначаных для эпохі да тэхналагічнай рэвалюцыі, што становіцца не актуальным у сучасным лічбавым свеце. Таму патрэбны больш шырокі падыход да рэгулявання інтэлектуальнай уласнасці, падкрэсліў ватыканскі дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.