2015-10-08 13:24:00

Беларусь: святар марыў быць лётчыкам, а стаў капеланам


У кастрычніку 2015 г. стала вядома аб цікавым рашэнні курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч вядомай парафіі св. Сымона і св. Алены ў Мінску, прызначаны духоўным апекуном – капеланам – для 50-й змешанай авіяцыйнай базы ў Мачулішчах. Афіцыйна, на дзяржаўным узроўні, інстытута вайсковых капеланаў у Беларусі няма, але ёсць практыка: калі каталіцкія святары апякуюцца рознымі сацыяльнымі групамі – студэнтамі ў навучальных установах, хворымі ў шпіталях, зняволеннымі ў турмах. 

Але духоўная апека ў войску, прызнаўся кс. Уладзіслаў, служэнне найбольш адмысловае. “Тут ёсць і моладзь, ёсць і камандуючы састаў, ёсць іх сем’і. Яны ў сваім віру дзейнасці і абавязкаў рэдка калі могуць “прызямліцца” і задумацца над нечым адвечным і духоўным, бо гэта крутаверць жыццёвая сапраўды нас уцягвае. Абавязкі капелана – як і ва ўсім свеце. Але хочацца, каб у нас гэта было “жывое” капеланства: жывая сустрэча з маладымі вайскоўцамі і старэйшым камандаваннем, каб яны спасціглі гэтую духоўную сувязь – ведалі не толькі “прыказ” і “выканаць”, але таксама мелі сумленне, веру, боязь Божую, што трэба не проста выканаць, а ўсвядоміць, калі прыказ тычыцца Бацькаўшчыны, то трэба выканаць яго тройчы лепш”, - адзначыў святар. 

Знаёмства святара з 50-й змешанай авіябазай адбылося раней, яшчэ некалькі гадоў таму. Менавіта гэта, напэўна, і стала вырашальным у справе прызначэння духоўнага апекуна. “Мяне запрашаюць на прысягу, даюць слова сказаць перад навабранцамі і іх бацькамі. Тысяча-паўтары народа збіраецца і, ведаеце, паміж імі гучыць слова Божае, благаслаўленне, асвячэнне. Таксама хацелі, каб нейкі святар прыехаў і на Божае Нараджэнне, і на Вялікдзень. Я звяртаўся да Мітрапаліта, пытаў, ці можна. Ён адкаваў: “Так, калі ласка, паедзь”. Так я ўцягнуўся. Для мяне гэта таксама блізка па іншай прычыне. Перад заканчэннем сярэдняй школы я марыў быць выключна лётчыкам! Так што мяне гэта яшчэ больш набліжае. Я дзякую Богу, што я стаў святаром, але для мяне гэта яшчэ і ўдзячнасць Богу, што я, даверыўшыся Яму, маю цяпер дачыненне і да гэтай справы”, - прызнаўся новапрызначаны капелан.        

Асабісты склад авіябазы налічвае 700 чалавек, і святар не падзяляе вайскоўцаў па канфесіянальнай прыналежнасці. А вось тое, што лётчыкі-вайскоўцы – людзі асаблівыя, кс. Уладзіслаў усвядоміў даўно. “Гэта сапраўды такая “каста” людзей, якія павінны быць заўсёды на ўзроўні. Яны маюць справу з паветрам: там не так, як на зямлі (забыўся нешта і вернешся). Гэта людзі вельмі адказныя, пунктуальныя, якія ведаюць свае абавязкі і як іх выконваць. А ці бліжэй да Бога? Пэўна, але ў душу не заглянеш. Але я ўпэўнены у тым, што яны адкрытыя, разумеюць кожную секунду небяспекі, на поўныя грудзі ўдыхаюць прастор палёту, веліч прасторы. А там, у небе, хочаш-не хочаш, з’яўляюцца словы “О Божа!”, - растлумачыў святар. 

Калі кс. Уладзіслаў Завальнюк атрымаў прызначэнне, ён пачаў распрацоўваць канкрэтныя пункты – чым быць карысным для лётчыкаў-вайскоўцаў. Разам перанесці стрэсавую сітуацыю або супольна перажываць свята – святар упэўнены, што гэта служэнне прынясе радасць і карысць абодвум бакам.
 
Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.