2015-10-08 13:16:00

Пантыфік: дрэнных людзей няма ў Божай Кнізе Памяці


Бог ніколі не пакідае праведнікаў, а людзі, якія сеяць зло не маюць імя ў небе, падкрэсліў Францішак 8 кастрычніка 2015 г. у гаміліі падчас св. Імшы ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. Ён закрануў пытанне пра пакуты шматлікіх добрых людзей і ўяўны дабрабыт бязбожнікаў. 

Францішак адзначыў, што пытанне пра сэнс пакут з’яўляецца адным з самых інтымных, з тых, што чалавек задае сабе. Бо як можна зразумець пакуты маладой маці некалькіх дзяцей, прыкаванай да ложка надзвычай злаякаснай пухлінай, або старэйшага чалавека, чыйго сына забіла мафія? Гэтае пытанне таксама гучыць у першым чытанні сённяшняй літургіі, узятым з кнігі прарока Малахіі (Мал 3, 13 - 20а): “Марная справа — служыць Богу. Бо якая карысць, што мы захоўвалі Яго наказы і хадзілі ў жалобе перад Панам Магуццяў? А цяпер мы называем шчаслівымі ганарлівых, і тыя, хто чыніць беззаконне, уладкоўваюцца ды выпрабоўваюць Бога, і ўцякаюць”.

Адказ на пытанне пра ўяўнае шчасце бязбожнікаў Пантыфік знайшоў у сённяшнім псальме (Пс 1,1): “Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных і не ўзыходзіць на шлях грэшных, і між насмешнікаў не засядае; але ў Законе Пана яго асалода”. Ён растлумачыў, што ў цяперашні час мы не бачым плёнаў чалавечых пакут і крыжа, як і ў Вялікую Пятніцу не быў бачны плён мукі Хрыста. Папа дадаў, што псальм таксама кажа пра лёс грэшнікаў: “Яны, як мякіна, што вецер разносіць. Бо ведае Пан шлях справядлівых, а дарога бязбожных загіне” (Пс 1, 4 і 6). 

Такі лёс грэшніка мы бачым і ў прыпавесці аб багатым і Лазары (Лк 16, 19-31). Францішак заўважыў, што ў выпадку багатага чалавека, які адмовіўся даць Лазару хаця б аб’едкі са свайго стала, мы нават не ведаем яго імя, вызначаецца толькі яго фінансавае становішча – багач.

“Дрэнныя людзі не маюць у Божай Кнізе Памяці імя. Яны злыя, махляры, эксплуататары... У іх няма імя, толькі прыметнікі. Тыя ж, хто спрабуе ісці па шляху Пана, будуць з Яго Сынам, Які мае імя – Езус Збаўца. Але гэтае імя цяжкае для зразумення і нават невытлумачальнае з-за досведу крыжа, і ўсяго, што Ён выцерпеў за нас”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.