Удзельнікі Сінода Біскупаў падтрымалі ўвядзенне папам Францішкам новых нормаў, пакліканых паспрыяць паскарэнню прызнання несапраўднасці сужэнства. Адпаведныя дакументы Святога Айца былі апублікаваны два месяцы таму і ўвойдуць у сілу 8 снежня 2015 г., з пачаткам Юбілейнага Году Міласэрнасці.
Згодна са словамі дэкана Трыбуналу Рымскай Роты, кс. Піа Віта Пінта, Сінадальныя Айцы прывіталі новаўвядзенні як “ясны закон, пакліканы адказаць на тэрміновыя патрэбы вернікаў і які, паводле чаканняў Папы, прынясе надзею” многім людзям і пазбавіць іх страху.
Кіраўнік дыкастэрыі адзначыў, што дакументы Пантыфіка аб паскарэнні “сужэнскага працэсу” з’яўляюцца “плёнам сінадальнага шляху і сапраўдным выразам біскупскай калегіяльнасці”. Ён нагадаў, што іх прыняццю спадарожнічала шырокая дыскусія, яшчэ напярэдадні двух апошніх сесій Сінода. Аб неабходнасці паскарэння працэсу прызнання несапраўднасці сужэнства гаворка ішла і ў анкетах, разасланых ва ўсе епіскапаты свету. Гэта ідэя знайшла выраз таксама ў працоўным дакуменце Сінода Біскупаў “Instrumentum Laboris”, падкрэсліў кс. Пінта.
Адно з галоўных новаўвядзенняў тычыцца надання мясцовым біскупам поўні судовай улады, у тым ліку ў пытаннях аб прызнанні несапраўднасці сужэнства. “Такім чынам, папа Францішак жадае большай блізкасці касцёльных структур да вернікаў”, - сказаў дэкан Трыбуналу Рымскай Роты. Ён нагадаў таксама, што згодна з новымі законамі, кожны біскуп мае магчымасць правядзення працэсу ў кароткі тэрмін, калі несапраўднасць сужэнства пацвярджаецца відавочнымі фактамі.
All the contents on this site are copyrighted ©. |