2015-10-09 12:29:00

Кс. Ламбардзі: дыскусіі на Сінодзе спакойныя і шчырыя


Неабходна глядзець на Сінод, як на працэс абмену меркаваннямі, камунікацыю, якая адбываецца спакойна і шчыра, і не трэба шукаць у ім нейкія прыватныя інтарэсы і спробы маніпуляцыі, адзначыў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі падчас брыфінгу 8 кастрычніка 2015 г. 

У сустрэчы з журналістамі прыняў удзел, між іншых, сіра-каталіцкі Патрыярх Ігнацый Юсуф ІІІ Юнан. Іерарх звярнуўся з заклікам да Заходняга свету “не забываць пра хрысціян на Блізкім Усходзе”. Ён заўважыў, што часта хрысціянскія сем’і становяцца падзеленымі, чынячы ўсё магчымае, каб выйсці з “пекла, у якім жывуць у Сірыі і Іраку”. Патрыярх патлумачыў, што ў мясцовага Касцёла не атрымліваецца пераканаць маладое пакаленне не пакідаць зямлю, на якой хрысціянства пусціла карані, і нагадаў, што сотні чалавек застаюцца заложнікамі ісламскіх тэрарыстаў. “Мы адчуваем, што Еўропа і Амерыка пра нас забылі і здрадзілі нам”, - з жалем дадаў прадстаяцель Сіра-каталіцкай Царквы.

Прысутны на брыфінгу арцыбіскуп Чарльз Пальмер-Букле з Ганы заўважыў, што пытанні, якія абмяркоўваюцца на асамблеі, тычацца не толькі Еўропы, але Касцёла на ўсіх кантынентах. 

У сваю чаргу італьянскі кардынал Эдоарда Мэнікелі падзяліўся падрабязнасцямі працы ў малых групах і распавёў, што Айцы Сінода, між іншым, абмяркоўвалі пытанне жаночага дыяканату.








All the contents on this site are copyrighted ©.