2015-10-09 13:47:00

Францішак: чуваць над уласнымі сумленнямі


Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 9 кастрычніка 2015 г. папа Францішак заклікаў вернікаў чуваць над сваімі сумленнямі, не трактаваць кепска людзей, якія чыняць дабро, не ачарняць з зайдрасці і не ставіць пастак людзям, каб прымусіць іх упасці. Пантыфік падкрэсліў, што інтрыгі падобнага роду паходзяць ад д’ябла.

Святы Айцец, заўважыў, што сярод сведкаў выгнання Езусам злых духаў, былі асобы, якія імкнуліся аслабіць Яго аўтарытэт, якія не любілі Яго і намагаліся негатыўна інтэрпрытаваць словы і ўчынкі Пана. Яны казалі, што Езус “выганяе дэманаў сілаю Бэльзэбула, князя дэманаў”, з’яўляецца чарадзеем і карыстаецца магіяй. Яны пастаянна падвяргалі Хрыста выпрабаванням, ставілі пасткі, каб паглядзець, ці не ўпадзе Ён, заўважыў Папа.

Пантыфік заклікаў вернікаў быць праніклівымі і ўмець адрозніваць тое, што паходзіць ад Бога ад таго, што паходзіць ад д’ябла. “Хрысціянін не можа быць спакойным з таго, што ўсё ідзе добра, але павінен пранікліва глядзець на рэчы і выясняць адкуль яны паходзяць, дзе іх карані”, - сказаў Святы Айцец.

На шляху веры, паводле яго словаў, “спакусы вяртаюцца заўсёды, злы дух не стамляецца ніколі”. Калі яго праганяюць, то ён з цярплівасцю чакае, каб вярнуцца і пагоршыць сітуацыю. Папа заўважыў, што злы “прыходзіць разам са сваімі вельмі адукаванымі сябрамі, стучыць у дзверы, просіць дазволу, каб увайсці, уваходзіць і жыве з чалавекам у яго штодзённым жыцці, і кропля за кропляй, дае свае ўказанні”. Так ён усыпляе і супакойвае сумленні людзей, а “гэта – вялікае няшчасце”, падкрэсліў Святы Айцец. У такім выпадку, на яго думку, можна казаць аб перамозе злога.

Перад абліччам гэтай спакусы, Францішак заклікаў вернікаў памятаць аб уласнай грахоўнасці і пастаянна практыкаваць рахунак сумлення, здзейсняючы яго з праніклівасцю і ўвагай. 








All the contents on this site are copyrighted ©.