2015-10-24 15:03:00

Арцыбіскуп Кандрусевіч падвёў вынікі Сіноду Біскупаў


Сінод Біскупаў на тэму сям’і, а ён тры тыдні таму пачаў працу ў Ватыкане, падышоў да свайго завяршэння. Напярэданні ўдзельнікі форума галасавалі па выніковым дакуменце. Ён можа стаць асновай для будучага развіцця і дзейнасці Кацёла. Няглядзячы на тое, што пачатак форума суправаджаўся нейкай знешняй напружаннасцю, адзначыў яго ўдзельнік арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, яго атмасфера ў рэшце рэшт была працоўнай, пазітыўнай і спакойнай. Найбольш спрэчнымі пытаннямі сталі: св. Камунія для разведзеных і праблема аднаполых саюзаў, але і Сінод выказаўся за традыцыйнае вучэнне Касцёла. І гэта ўжо можна лічыць галоўным вынікам, выказаў думку Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. 

“Ніхто не кажа, што мы не павінны аб’яць пастырскай апекай сем’і, якія аказаліся ў цяжкім становішчы, разведзеных або асоб з гомасексуальнай арыентацыяй, але мы павінны зрабіць усё, каб прывесці іх на шлях навяртання. Таксама вялікая праца была зроблена перад Сінодам, а менавіта прыняты дакумент аб спрашчэнні прызнання несапраўднасці сужэнства. Гэта таксама вельмі важна. Галоўнае тое, што Сінод не быў сдамінаваны гэтымі трывожнымі прагнозамі. Дзякуй усім у Беларусі, хто маліўся, каб фінальны дакумент адпавядаў Божай думцы”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. 

Каля 300 каталіцкіх іерархаў, не ўлічваючы запрошанных экспертаў і назіральнікаў, сустрэліся на Сінодзе. У зале пасяджэнняў адбывалася адкрытая палеміка, гучалі розныя думкі і меркаванні. І гэтыя новыя ідэі ці стары вопыт адных мясцовых Касцёлаў могуць падказаць іншым, у якім напрамку можна рухацца. Зноў жа, што тычыцца католікаў, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, трэба прапанаваць ім асаблівую ўвагу Касцёла і канкрэтную дапамогу, перакананы арцыбіскуп Кандрусевіч. 

“Думаю, што Сінод дасць імпульс, каб падумаць над гэтым: нейкія спецыяльныя набажэнствы, рэкалекцыі, пілігрымкі для такіх сем’яў. Канкрэтнай прапановай Сіноду ў гэтый справе стала пажаданне больш выкарыстоўваць так званую “духоўную камунію” у такіх выпадках, каб чалавек не застаўся адзін і не застаўся без надзеі. Пасля Сіноду будзе вельмі вялікае поле дзейнасці для тых, хто займаецца такога роду душпастырствам, для камісій па праблемах сям’і. Таксама мы павінны паслухаць, што нам скажа Папа, а ён павінен сказаць. Напрыклад, у некаторых касцёлах на Захадзе (аб гэтым я даведаўся таксама падчас Сінода) ёсць такая практыка: пасля набажэнства такія людзі падыходзяць і святар іх благаслаўляе. Сам чалавек псіхалагічна тады адчувае сябе па-іншаму, не адчувае сябе на перэферыі касцёльнага жыцця”, - паведаміў беларускі іерарх.      

Чаму ў самых высокаразвітых дзяржавах сёння самы нізкі ўзровень нараджальнасці, але высокая лічба абортаў і разводаў? Чаму пры вялікім ахопе катэхізацыяй у некаторых краінах высокі працэнт незагэрістраваных і не-касцёльных шлюбаў? З аднаго боку пытанні, якія ставіліся на Сінодзе, рытарычныя, з іншага тое, што яны агучаны – ужо з’яўляецца першым крокам на шляху да адказу, лічыць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. 

“Адной з пазіцый Сінода было таксама стварэнне спецыяльнай камісіі, якая б вывучыла гэтую справу з тэалагічнага пункту гледжання, бо тэалагічных меркаванняў па гэтым пытанні ёсць і будзе яшчэ шмат. Сёння не думаю, што нехта з удзельнікаў Сінода дасць канкрэтны адказ, але пытанне пастаўлена, і гэта вельмі добра. Напрыклад, у сваёй моўнай групе я распавёў аб вопыце Праваслаўнай Царквы, калі святар кансэкруе толькі частку хлеба, а іншую пакідае не кансэкраванай, але яе даюць людзям, называючы яго “святым хлебам”. І для іх гэта таксама духоўная радасць. Я не кажу, што трэба гэты вопыт пераняць сёння, але трэба яго вывучаць”, - лічыць удзельнік Сінода Біскупаў з Беларусі. 

Розныя моўныя групы, розныя кантыненты, розныя канфесійныя абставіны, эканамічныя ўмовы і гістарычныя традыцыі – у гэтай разнасайнасці соцень удзельнікаў Сінода, лічыць беларускі іерарх, і павінна нараджацца ісціна. А што, калі спрэчныя пытанні аддаць на вырашэнне мясцовых Канферэнцый Біскупаў? Тэма большай калегіяльнасці Паўсюднага Касцёла была не апошняй на Сінодзе. Гэта ідэя – дэцэнтралізацыі ў вырашэнні асобных пунктаў душпастырскай практыкі – развіваецца яшчэ з часоў ІІ Ватыканскага сабора, і менавіта з нагоды 50-годдзя стварэння Сінода Біскупаў як калегіяльнага органа аб ёй нагадаў сам Пантыфік. 

У шматлікіх справах гэтая магчымаць даўно рэалізуецца мясцовымі канфереэнцыямі, але і да яе трэба адносіцца з асцярогай, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Вучэнне Езуса Хрыста непарушнае і адзінае для ўсіх. “Пасля гэтай прамовы Папы многія сталі казаць, можа акурат Канферэнцыі Біскупаў павінны вырашаць, ці магчыма дазволіць св. Камунію для разведзеных і ўступіўшых у новыя саюзы. Не думаю, што мы можам станоўча сёння на гэта адказаць. Напрыклад, калі я вучыўся ў семінарыі ў Каўнасе, з аднаго боку Нёмана была Каўнасская дыяцэзія, з іншага – Вілкавішская. І калі нейкая ўрачыстасць прыпадала на пятніцу, паводле кананічнага права няма посту. І мы смяяліся – можна перайсці на іншы бок ракі і ўжо не будзе посту. Так і тут: тое, што лічыцца святататствам у адной дыяцэзіі ці краіне, у іншай – Божая ласка? Так таксама не можа быць!”, - прывёў прыклад іерарх. 

Няглядзячы на розныя мовы і розныя погляды, біскупы з самага пачатку Сінода настроіліся на працоўны і дабразычлівы лад. І кожны з прысутных, упэўнены арцыбіскуп, крыху змяніўся падчас Сіноду, галоўнай атмасферай на якім было жаданне слухаць і чуць адзін аднаго. “І гэты Сінод, і Сінод мінулага года вельмі змяніў мяне. Я застаюся на прынцыпах традыцыйнай сям’і, традыцыйнага вучэння Касцёла. Але я задаю пытанне: “Што рабіць з гэтым чалавекам? Як яму дапамагчы?”. Бо вырашаецца лёс – не на адзін дзень, а на вечнасць… Мяркую, гэта важная змена. Таксама трэба змяніць мову навучання Касцёла, мову, на якой мы размаўляем з сучасным чалавекам. Гэта таксама заданне для Касцёла, і я гэта прымаю і да сябе. Таксама я адчуў гэты дух калегіяльнасці: я біскуп, я адказны за дыяцэзію, але я маю дапаможных біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб, вернікаў. І я пытаю: “Што ты думаеш? Як вырашыць гэта пытанне? Дамамажа мне яго вырашыць!” - прызнаўся іерарх.

Хутка форум завяршыцца, але ні ў каго з удзельнікаў не будзе часу для роздумаў, бо заўтра трэба вяртацца на Радзіму і прыступаць да выконвання сваіх абавязкаў – ужо з новымі сіламі, з новымі думкамі аб тым, як умацаваць традыцыйнае вучэнне Касцёла, але і ўдыхнуць новы подых у душпастырскае служэнне сем’ям. Часу на роздумы, у першую чаргу, амаль не пакідае сучасны стан сям’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.