2015-11-03 11:25:00

50 гадоў таму ў Ватыкане падпісалі “Катакомбны пакт”


50 гадоў таму, падчас Другога Ватыканскага Сабору, 40 біскупаў падпісалі дакумент, які ў гісторыі Касцёл стаў вядомы пад назвай “Катакомбны пакт”. Іерархі абавязаліся ў ім, сярод іншага, да сціплага ладу жыцця, і за галоўную мэту паставілі служэнне бедным. 

З гэтай нагоды ў Рыме 11-17 лістапада 2015 г. пройдзе міжнародная канферэнцыя, прысвечаная дакументу, якая мае на мэце падкрэсліць яго актуальнасць. Арганізатары адзначаюць, што Пакт адпавядае бачанню Касцёла, якое мае папа Францішак – “Касцёла беднага і для бедных”.

16 лістапада 1965 г., за тры тыдні да завяршэння Другога Ватыканскага Сабору, 40 біскупаў сабраліся ў Катакомбах Дамітылы і падпісалі Пакт з 13 пунктаў. Яны кіраваліся словамі св. Яна XXIII, які заклікаў да будавання “Касцёла бедных”.

У тэксце біскупы, свядомыя сваёй недасканаласці, “паколькі не жывуць у беднасці згодна з загадамі Евангелля”, паабяцалі, сярод іншага, назаўсёды вырачыся багацця і яго праяваў, у прыватнасці дарагой вопраткі і рэчаў з каштоўных металаў. Што тычыцца ўмоў жыцця, харчавання, транспарту і іншых падобных спраў, яны заявілі, што будуць старацца жыць на сярэднім узроўні, на якім жывуць іх вернікі.

“Катакомбны пакт” быў прадстаўлены іншым Айцам Сабору, у выніку чаго яго падпісалі яшчэ 500 біскупаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.