2015-11-05 15:21:00

На беларускіх грашах з’явяцца хрысціянскія сімвалы


На некаторых купюрах новых грашовых знакаў Беларусі, якія паступяць у абарот пасля дэнамінацыі 1 ліпеня 2016 года, змешчаны хрысціянскія сімвалы. У прыватнасці, на купюры ў 10 рублёў – малюнак Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, знака Францішка Скарыны і крыжа Ефрасінні Полацкай. А на 20-рублёвай купюры намаляваны калаж, прысвечаны тэме духоўнасці: звон і Тураўскае Евангелле. Па рашэнні Прэзідэнта Беларусі 1 ліпеня 2016 года будзе праведзена дэнамінацыя беларускага рубля. 

Факт размяшчэння хрысціянскай сімволікі на грашах пракаментаваў для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Юрый Санько. “Думаю, што не павінны змешвацца матэрыяльныя рэчы з духоўнымі. Наколькі ведаю, па задуме аўтараў на новых грошах адлюстраваны духоўныя і гістарычныя каштоўнасці. Але думаю, у нас дастаткова шмат іншых гістарычных каштоўнасцяў, выявы якіх можна было б размесціць на купюрах. Бо нават у Святым Пісанні Хрыстус кажа: аддайце кесару кесарава, а Богу – Божае. А тут адбываецца змяшанне, думаю, гэта не зусім правільна”, - лічыць святар.

У той жа час, сябра клубаў калекцыянераў “Скарабей”, нумізмат, старшыня гарадзенскага таварыства філатэлістаў, каталіцкі вернік Андрэй Мялешка ўпэўнены, што нічога кепскага з хрысціянскага пункту гледжання няма ў выяве крыжа на сучасных грошах: “Грошы - гэта сімвал дзяржавы. Нават на грошах Ватыкана ёсць хрысціянскія сімвалы. І добра, што ў нас з’явяцца манеты, бо Беларусь - гэта адзіная краіна Усходняй Еўропы, дзе дагэтуль не было манет. І нават на новых беларускіх манетах можна разгледзець дробныя хрысціянскія сімвалы ў арнаментах”.

Хрысціянскія сімвалы з’явяцца ўпершыню на грашовых знаках Беларусі. Раней беларускія рублі ўпрыгожвалі ў асноўным толькі выявы значных для краіны будынкаў. 

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія








All the contents on this site are copyrighted ©.