2015-11-13 12:00:00

Арцыбіскуп Гуджэроцці прызначаны нунцыем ва Украіне


13 лістапада 2015 г. Святы Айцец прызначыў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці Апостальскім Нунцыем ва Украіне. Да гэтага часу, на працягу амаль чатырох з паловай гадоў, іерарх выконваў дыпламатычную місію ў Беларусі.

У Каталіцкім Касцёле ў Беларусі ў апошнія гады адбылося шмат станоўчых падзей і станоўчых змен. Сярод найбольш прыкметных – прызначэнне чатырох новых біскупаў, візіт у краіну Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы кардынала Пьетра Параліна, узвядзенне ў Мінску будынка Апостальскай нунцыятуры. У гэтых зрухах вялікая заслуга арцыбіскупа Гуджэроцці, які з першых дзён сваёй працы на беларускай землі падкрэсліваў асабістую зацікаўленнасць і імкненне Святога Пасаду да супрацоўніцтва паміж краінамі, захавання добрых адносін Касцёла з дзяржаўнымі ўладамі, міжрэлігійнага дыялогу, падтрымання атмасферы ўзаемапавагі і падтрымкі сярод каталіцкіх вернікаў і усіх людзей добрай волі.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці нарадзіўся 7 кастрычніка 1955 г. у італьянскай Вероне. Cкончыў факультэт Усходніх моваў і літаратуры Венецыянскага дзяржаўнага ўніверсітэта “Cà Foscari”, атрымаў вучоную ступень магістра святой літургіі ў Папскім літургічным інстытуце св. Анзэльма ў Рыме, абараніў дактарат у Папскім Усходнім Інстытуце.Святарскае пасвячэнне атрымаў 29 мая 1982 г. З’яўляецца тытулярным арцыбіскупам Равэлы. У 1985 г. паступіў на служэнне ў Кангрэгацыю па справах Усходніх Касцёлаў. 7 снежня 2001 г. быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Арменіі і Грузіі, 13 снежня таго ж года – Апостальскім нунцыем у Азербайджане. 6 студзеня 2002 г. атрымаў біскупскую сакру. 15 ліпеня 2011 г. быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.