2015-11-17 12:41:00

Ідзе праца па гарантаванні бяспекі Сусветных дзён моладзі


Дзеянні, звязаныя з бяспекай удзельнікаў Сусветных дзён моладзі ў Кракаве будуць праводзіцца службамі Міністэрства ўнутраных спраў адэкватна пагрозам, паведамілі “KAI” у гэтым польскім ведамстве. У Міністэрстве ўжо сфарміравана група па каардынацыі падрыхтоўкі служб перад міжнародным моладзевым форумам і візітам папы Францішка ў Польшчу.

Сусветныя дні стануць у 2016 г. найбуйнейшай масавай падзеяй у краіне. Для ўдзелу ужо зарэгістраваліся 465 тыс. асоб з 139 краін. На галоўных мерапрыемствах форуму – 26-31 ліпеня 2016 г. – арганізатары чакаюць да 2,5 млн. пілігрымаў. Забеспячэнне іх знаходжання стала сур’ёзным выклікам у святле нядаўніх тэрактаў у Парыжы. Акрамя таго, задачай польскіх служб будзе і гарантаванне бяспекі самаго Францішка, які – як паведаміў польскі Прэзідэнт Анджэй Дуда – таксама выказаў жаданне наведаць Чэнстахову і Асвенцым.

Спецыяльна створаная група будзе каардынаваць працу такіх ведамстваў, як Паліцыя, Бюро аховы ўраду, Памежная і Дзяржаўная супрацьпажарная службы, Міністэрствы абароны і замежных спраў, Агенцтва ўнутранай бяспекі.

“Мы занепакоеныя, таму што падзеі ў Парыжы паказалі, што спакой і бяспека ў Еўропе знаходзяцца пад пагрозай. Мы спадзяемся, што гэтыя пытанні будуць вырашаны, што пагроза будзе адсутнічаць”, - сказаў кардынал Станіслаў Дзівіш, арцыбіскуп Кракаўскі, галоўны арганізатар Сусветных дзён моладзі ў 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.