2015-11-21 10:04:00

Мусульмане вітаюць візіт Папы ў Афрыку


Візіт Папы будзе садзейнічаць умацаванню міру ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, такое перакананне выказаў у спецыяльнай заяве Мустафа Сабон, палітычны каардынатар Народнага фронту адраджэння Цэнтральнай Афрыкі (FPRC), які складаецца ў асноўным з мусульман. Палітычны рух быў адным з бакоў у грамадзянскай вайне ў краіне, якая афіцыйна скончылася ў 2014 г. Тым не менш, час ад часу ўсё яшчэ здараюцца сутыкненні – з верасня ў сталіцы краіны Бангі загінулі дзясяткі людзей і сотні былі параненыя. 
“Мы перакананыя ў неабходнасці развіцця дыялогу паміж рознымі часткамі цэнтральнаафрыканскага грамадства, працы ў напрамку трывалага міру, сацыяльнай згуртаванасці, любові да Радзімы, прабачэння, стварэння інстытутаў для мірнага пераходу, а таксама свабодных і празрыстых выбараў”, - напісаў Сабон.

Візіт Францішка ў такі час – на думку Народнага фронту – гэта магчымасць слухаць мудрыя і натхнёныя Святым Духам словы, якія могуць змякчыць некаторыя пазіцыі і забяспечыць здаровае суіснаванне ўсіх жыхароў краіны ў жаданым міры.

Плануецца, што Святы Айцец наведае Бангі 29-30 лістапада 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.