2015-11-23 15:20:00

Францішак выказаў спачуванне ахвярам тэракту ў Малі


Глыбокае спачуванне і малітоўную блізкасць ахвярам нядаўняга тэракту ў Бамако і іх сем’ям выказаў Францішак у спецыяльнай тэлеграме на імя арцыбіскупа сталіцы Малі. Папа аб’яднаны ў малітве з болем сем’яў загінулых.

Святы Айцец “даручыў усіх ахвяр Божай міласэрнасці, молячыся, каб Пан прыняў іх у сваё святло”. Ён выказаў таксама “свае глыбокія спачуванні параненым і іх сем’ям, просячы Пана даць ім суцяшэнне і спакой у іх цярпенні”, - гаворыцца ў тэлеграме, падпісанай кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам. Францішак “засмучаны гэтым актам насілля, які рашуча асуджае, просячы Бога аб навяртанні сэрца і дары спакою, а таксама выпрошвае багацце Божага благаслаўлення ўсім, хто пацярпеў ад гэтай трагедыі”.
 
Атака на гатэль “Radisson Blu” ў сталіцы Малі Бамако адбылася 20 лістапада 2015 г. У закладніках у баевікоў апынуліся 170 чалавек. Пасля яны адпусцілі людзей, якія змаглі працытаваць фрагменты з Карана. Праз некалькі гадзін малійскія сілавікі вырашылі пайсці на штурм, у выніку якога ўдалося вызваліць большасць закладнікаў. Ахвярамі атакі баевікоў, па дадзеных уладаў краіны, сталі 19 чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.