2015-11-25 16:57:00

Папа сустрэўся з кенійскімі палітыкамі і дыпкорпусам


Моладзь – гэта самы каштоўны рэсурс кожнай краіны, адзначыў папа Францішак у сваім прывітальным звароце да ўладаў Кеніі і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса. Сустрэчай з імі 25 лістапада 2015 г. Святы Айцец пачаў свой візіт у гэту афрыканскую дзяржаву, у якой прабудзе да 27 лістапада.

Кенія – гэта краіна моладзі, падкрэсліў Пантыфік. Ён заклікаў бараніць гэту катэгорыю грамадзян, інвеставаць у яе і дапамагаць ёй. Гэта, паводле Папы, найлепшы спосаб, каб гарантаваць годную будучыню народа. Таксама і пажылыя людзі патрабуюць увагі дзяржавы да сябе, паколькі яны з’яўляюцца сэрцам і душой народа.

Францішак заўважыў, што Кенія адорана багатымі прыроднымі рэсурсамі. Сённяшні цяжкі крызіс навакольнага асяроддзя патрабуе ўвагі да адносін паміж людзьмі і прыродай. “Мы маем адказнасць за перадачу прыгажосці прыроды ва ўсёй яе разнастайнасці будучым пакаленням і абавязак справядлівага кіравання дарамі, якія атрымалі. Гэтыя каштоўнасці глыбока ўкаранёныя ў афрыканскай душы. У свеце, які працягвае эксплуатаваць супольны дом, замест таго, каб абараняць яго, яны павінны мабілізаваць сілы ўладаў і спрыяць адказным мадэлям эканамічнага развіцця”, - сказаў Пантыфік.

Папа таксама звярнуў увагу на сувязь паміж аховай навакольнага аяроддзя і будаваннем справядлівага і роўнага грамадства. У кантэксце шматлікіх этнічных, рэлігійных і эканамічных падзелаў, людзі добрай волі пакліканы дзейнічаць на карысць міру і паяднання, прабачэння і аздараўлення сэрцаў. Францішак заклікаў да талерантнасці і павагі да іншых, а таксама назваў будаванне супольнага дабра “першаснай мэтай”. Насілле, канфлікты і тэрарызм умацоўваюцца страхам, недаверам і дызарыентацыяй, якія нараджаюцца па прычыне беднасці, дадаў ён.

Папа заклікаў кенійскіх палітыкаў клапаціцца пра бедных, моладзь і справядлівае размеркаванне рэсурсаў, якімі Бог адарыў іх краіну. Са свайго боку, Святы Айцец паабячаў шчодрую малітоўную падтрымку.








All the contents on this site are copyrighted ©.