2015-11-25 15:26:00

Афрыканскія біскупы: Папу чакае самы цёплы прыём


Цёплы прыём на сваім кантыненце паабяцалі афрыканскія біскупы Францішку. У заяве пасля пасяджэння Пастаяннай Рады Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM), якая адбылася ў Акры ў Гане, яны падкрэслілі, што папскі візіт адбудзецца праз некалькі тыдняў пасля заканчэння Сіноду Біскупаў на тэму сям’і. Такім чынам, ён павінен узмоцніць вернікаў як Божую сям’ю і ўмацаваць у іх жыцці глыбокія хрысціянскія каштоўнасці.

“Мы перакананыя, што сям’я з’яўляецца і будзе заставацца важным і незаменным падмуркам грамадскага жыцця. Звяртаемся да ўсіх нашых народаў і ўрадаў удзельнічаць у падтрымцы афрыканскіх сем’яў і абароне фундаментальных каштоўнасцяў нашай культуры”, - гаворыцца ў заяве.

Біскупы таксама спаслаліся на нядаўнія міжнародныя падзеі, у прыватнасці, тэракты ў Францыі і іншых краінах. Яны асудзілі ўсе формы тэрарызму, патрабуючы, каб тыя, хто стаіць за такімі дзеяннямі і спансіруе іх, устрымаліся ад гэтага.

“Мы далучаемся да ўсіх тых, хто працуе на карысць міру і паяднання ў складаных раёнах Афрыкі і свету, асабліва ў Бурундзі, Паўднёвым Судане, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Нігерыі, Кеніі, Лівіі і іншых краінах Паўночнай Афрыкі. У імя Бога мы заклікаем ўсе бакі ў канфлікце ў гэтых абласцях скласці зброю і вярнуцца на шлях дыялогу і міру ў інтарэсах будучых пакаленняў”, - гаворыцца ў заяве біскупаў Афрыкі і Мадагаскара.








All the contents on this site are copyrighted ©.