2015-11-26 16:19:00

Францішак нагадаў у ААН пра экалагічныя праблемы


26 лістапада 2015 г. папа Францішак наведаў штаб-кватэру ААН у Найробі. Перад сустрэчай з яе супрацоўнікамі ён прыняў удзел у сімвалічнай пасадцы дрэва. У сувязі з гэтым Пантыфік заўважыў, што гэты жэст з’яўляецца заклікам да барацьбы з вырубаннем лясоў і апустыньваннем. Папа нагадаў, што напрыканцы лістапада ў Парыжы пачнецца міжнарожная канферэнцыя па праблемах клімату. “Было б сумна, я б нават сказаў, катастрафічна, калі б прыватныя мэты ўзялі перавагу над супольным дабром і сталі маніпуліраваць інфармацыяй для абароны сваіх інтарэсаў”, - папярэдзіў Святы Айцец. Папа нагадаў, што кліматычныя змены маюць цяжкія наступствы для навакольнага асяроддзя, сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай сфераў і размеркавання рэсурсаў. Ён назваў гэту праблему галоўным актуальным выклікам чалавецтва.

Францішак нагадаў пра важнасць дыялогу і супрацоўніцтва для вырашэння экалагічных праблем. “Неабходны шчыры і адкрыты дыялог і адказнае супрацоўніцтва паміж усімі: палітычнымі ўладамі, навуковай супольнасцю, прадпрыемствамі і грамадствам”, - сказаў Францішак. Ён падкрэсліў, што добрыя прыклады такога ўзаемадзеяння ўжо існуюць і даюць важныя вынікі.
“Калі чалавецтва пост-індустрыяльнага перыяду можа застацца ў памяці як адно з самых безадказных у гісторыі, то чалавецтва пачатку ХХІ стагоддзя можа запоніцца шчодрым прыняццяем сваёй вялікай адказнасці”, - сказаў Пантыфік.

Для дасягнення гэтай мэты неабходна паставіць эканоміку і палітыку на службу народам. Гэта не ўтопія і не фантазія, але рэальная перспектыва, якая ставіць асобу і годнасць у якасці адпраўной кропкі і крокпі да якой усё павінна імкнуцца, падкрэсліў Папа.
Францішак адзначыў важнасць суправаджэння палітычных і тэхнічных рашэнняў адукацыйным працэсам, які спрыяе змене стыляў жыцця – прыняццю новага стылю культуры. Гаворка ідзе пра культуру клопату: пра сябе, іншых, навакольнае асяроддзе, якая павінна заняць месца культуры дэградацыі і выкідання на ўзбочыну. Папа падкрэсліў, што існуе вялікае мноства людзей ахвяраваных ідалам прыбытку і спажывецтва. “Мы не можам заставацца абыякавымі перад гэтым. Не маем на гэта права”, - сказаў ён.

Францішак пажадаў, каб працэс урбанізацыі перамяніўся ў эфектыўную прыладу развіцця і інтэграцыі, і забяспечыў усіх, асабліва тых, хто жыве ў маргінальных кварталах, годнымі ўмовамі жыцця, гарантуючы фундаментальныя правы на зямлю, дом і працу. Гарадское планаванне павінна прадугледжваць стварэнне публічных прастораў, у якіх мясцовыя жыхары змогуць прымаць удзел у супрацьстаянні шматлікім формам няроўнасці і гарадской беднасці, не толькі эканамічнай, але перш за ўсё сацыяльнай і звязанай з асяроддзем. 

У сувязі з набліжэннем Х міністэрскай канферэнцыі Сустветнай гандлёвай арганізацыі, якая пачнецца ў Найробі праз некалькі дзён, Папа пажадаў, каб гандлёвыя адносіны паміж краінамі, маглі служыць абаронне навакольнага асяроддзя і захавання яго для будучых пакаленняў. 

“Афрыка дае свету прыгажосць і прыроднае багацце, якое вядзе нас да праслаўлення Стварыцеля. Гэта афрыканская спадчына і спадчына ўсяго чалавецтва перажывае пастаянную рызыку знішчэння, выкліканага чалавечым эгаізмам рознага кшталту і эксплуатацыяй сітуацый беднасці і выключэння”, - сказаў Папа. Ён заклікаў змагацца з незаконным гандлем каштоўнымі камянямі і металамі, прадуктамі жывёльнага паходжання, як напрыклад слановай косткай, што становіцца прычынай, акрамя вынішчэння сланоў, палітычнай нестабільнасці, арганізаванай злачыннасці і тэрарызму. 








All the contents on this site are copyrighted ©.